100%-ая беларуска
Мая маці – спадчынная беларуска, а бацька – украінец, праўда, з тыповым беларускім прозвішчам, так што яшчэ не вядома, які ён там украінец, калі капнуць глыбей. З дзяцінства мяне вельмі злавала, калі дарослыя, каб мяне пацвеліць, казалі, што я хахлушка. “Я беларуска, беларуска!” – ад злосці ажно тупала нагамі. У школу тады яшчэ не хадзіла, пра радзіму са мной ніхто размовы не вёў, але быць хахлушкай адчайна не хацела.
Цяпер мне амаль трыццаць, нагамі топаць, назаві мяне хто хахлушкай, я б не стала, затое аргументавана распавяла б, чаму я стоадсоткавая беларуска.
Вось прыходзіць да мяне міліцыянт з навінай, што я незаконна распаўсюджваю інфармацыю, і складае пратакол апытання. Чалавек, па сутнасці, прадстаўляе сістэму, якая беспадстаўна робіць з мяне злачынцу, але ў мяне няма на чалавека крыўды, мне яго нават шкада – не хацела б я такой працы. Мы ў выніку завязваем амаль свецкую размову – ну скажыце, ці ж украінец гэтак рэагаваў бы на ворага?
Ці вось мяне выклікаюць у суд па простым тэлефонным званку, папярэдне нават не высылаюць пратакол, па якім будуць “прыцягваць да адказнасці”. А пасля судзяць па абсурдным для ўсяго свету артыкуле і спаганяюць даволі вялікую як для журналіста-фрылансера суму. Да гэтага я абуралася, калі тое адбывалася ў дачыненні да калег, але калі здарылася са мной, то адчуванне несправядлівасці рэзка прытупілася, і ніводнай нецэнзурнай думкі на адрас суддзі ці невядомага, але цалкам адчувальнага кэдэбэшніка ў маёй галаве так і не нарадзілася. Не таму што я такая добранькая, а таму што не адчула да сябе персанальнай непрыязні, і не было патрэбы ствараць яе ў адказ. І так, суддзю – рэальнага чалавека на другім канцы стала – мне таксама было трохі шкада, бо падалося, яна падазравала, што з яе дапамогай дзеецца яшчэ адно правапарушэнне – на гэты раз дзяржаўнае. А малога падазрэння можа хапіць, каб мець трывогу, успамінаючы хуткую і лёгкую маю справу. Што ні кажыце, а некамфортна гэта, душэўнай раўнавагі, да якой у рэшце рэшт імкнуцца ўсе людзі, такія падазрэнні не надаюць. Хоць ты ідзі выбачайся, што нявольна стварыла незнаёмаму і, напэўна ж, нядрэннаму чалавеку такую нязручнасць.
Так што прадстаўніца народу, які зрабіў майдан, з мяне ніякая. Але быць беларускай па-ранейшаму, як і ў несвядомым дзяцінстве, мне за гонар. Бо беларус – гэта не толькі селянін, гэта інтэлігент ды філосаф па менталітэце. Для душы шкоды ў тым няма. Хіба для кішэні.