Выбараў няма, рэфлекс застаўся
Рэфлекс памірае ў апошнюю чаргу, нават пазней, чым надзея. Неяк мой калега, распавядаючы, як стаміўся ад журналістыкі, параўнаў сябе са смяротна хворым кацянём, які зусім аслаб, але лапка інстынктыўна дрыгаецца, калі побач дражняцца цацкай. Маўляў, зусім не пісаць не магу, на цікавую тэму, ўсё адно, адгукнуся.
Так і мы, выбаршчыкі: даўно і пераканана ведаем, што ніякіх выбараў няма, што хадзіць на ўчасткі бессэнсоўна, але рэфлекс усё роўна праяўляецца. Маладыя, якія не вераць у дзесяцігоддзі параз, ідуць аддаваць свае «за» ці «супраць», бо упэўненыя, што менавіта цяпер, калі ўступілі ў жыццё яны, — актыўныя, разумныя і прагрэсіўныя, — усё толькі пачынаецца.
Пенсіянеры, акумуляваўшы свой і чужы вопыт, ідуць таксама. Каб прагаласаваць супраць вайны, каб хоць раз у пяць гадоў адчуць сваю значнасць для грамадства і купіць у буфеце таннай каўбасы. Больш матываў, больш выбаршчыкаў.
Алкаголікі, і тыя ў дзень выбараў амаль роўнай хадой кіруюць па свой бюлетэнь. І не толькі буфет шле ім моцныя касмічныя сігналы, але і прага адчуць сябе паважаным чалавекам. Дырэктар школы, ці хай сабе шараговая настаўніца мусяць прывітаць іх не менш прыветна, чым вось таго бізнесмена з ініцыятыўнай групы асноўнага кандыдата.
Галасуе і бярэ ўдзел у выбарах нават апазіцыя, паказваючы тым самым прыклад суграмадзянам: ідзіце на ўчастак, ваш голас важны! У яе з Цэнтрвыбаркамам, так бы мовіць, поўная салідарнасць.
Праяўляецца рэфлекс нават у інтэлігенцыі. Няхай кажа яна пра беспрасветную шэрасць палітычнага жыцця, няхай нават не галасуе, — цалкам забыцца на ампутаваную канечнасць выбараў і яна не можа, з цікавасцю слізгаючы па загалоўках навін у сваім смартфоне. Захоўвае агеньчык надзеі: а раптам усё ж нешта адбудзецца. Ці, як у маім выпадку, спадзяецца, што, наадварот, не адбудзецца нічога дрэннага.
Усе мы, пазбаўленыя выбару і выбараў, пазбаўленыя надзеі, вось ўжо амаль трэцяе дзесяцігоддзе жывем з выбарчым рэфлексам. Пагарджаем самі сабой за бесхрыбетнасць. Але… кацяня яшчэ жывое.