Без строгіх правілаў ніяк



Памятаю, калі я яшчэ глядзела тэлевізар, то неяк натрапіла на гумарыстычныя выступленні Міхаіла Задорнава – таго самага, што так плённа раскруціў найсаладзейшы для расіян міф пра тупасць амерыканцаў. Дык вось, тады ён апавядаў нешта больш-менш слушнае пра беларусаў, кпіў з іх законапаслухмянасці. Маўляў, калі на чырвоны колер светлафора пераходзіць у Беларусі чалавек – то так і ведайце, што ён немясцовы, а найхутчэй нават рускі. Дакладна, падумалася тады мне, і пра сябе ўспомніла, што рэдка пераходжу на чырвоны, нават калі на дарозе няма ніводнай машыны.

Дакладна, падумалася мне зусім нядаўна, калі, лежачы з тэмпературай, я не дазволіла сабе проста ўзяць і забіць на міліцыянтаў. Тым не цярпелася бачыць мяне ў гэты дзень на адлегласці 200 кіламетраў, каб канчаткова ўлагодзіць справу прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Дакладна, думаю я ўжо цяпер, пабываўшы на чарговым пахаванні. У пытаннях развітання з жыццём беларусам асабліва важна следаваць правілам і няпісаным законам. Мы баімся, што калі зробім нешта не так, то душа памерлага не трапіць на неба, а яшчэ больш баімся, што нейкім няправільным рухам наклічам бяду ўжо на сябе і сваіх блізкіх. Таму на пахаванні людзі адразу раздзяляюцца на аўтарытэтаў, якія нешта ведаюць і могуць усталёўваць правілы, і тых, хто безагаворачна тыя правілы будзе выконваць. Для супакаення душы нябожчыка і асабліва для спакою жывых прынцыпова, у які бок пакласці памерлага галавой, у якой паслядоўнасці абкладаць яго рытуальным начыннем, як паліць над ім свечку і куды дзець пасля воск. Важна таксама, наколькі паспяхова качанее цела нябожчыка, бо калі яно застанецца мяккім, значыць, збіраецца забраць услед некага яшчэ. Правіл і забабонаў у пахаванні так шмат, што для зручнасці іх даўно пара аб’яднаць у адмысловы кодэкс і вывучаць у школе яго асновы. Пры гэтым не трэба траціць грошы на спецыяльную інстытуцыю, што будзе сачыць за яго выкананнем – нашая законапаслухмянасць добра з гэтым справіцца і сама.

Хацелася б толькі, каб складаная форма не перашкаджала нам думаць пра змест – пра душу сваю і памерлага. За апошнюю не шкодзіць і парадавацца – яна ж пазбавілася нарэшце свайго законапаслухмянага цела.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ