ДАІ і не-бяспека дарожнага руху
Мая кар’ера кіроўцы марудна, але няўхільна пасоўваецца наперад. Вось ужо за плячыма і першая аварыя – добра, што нязначная. Я, натуральна, у ёй вінаватая, пра што і напісала ўласнай рукой у шматлікіх дакументах ДАІ: “Ад сваёй віны не адмаўляюся”.
Я ад яе сапраўды не адмаўляюся. Але неяк зачапіла трафарэтная фраза дарожнага інспектара, які, папярэдзішы мяне пра штраф ад 450 тыся да 4,5 мільёнаў рублёў і магчымае пазбаўленне правоў кіроўцы на тэрмін да двух год, без асаблівага папроку сказаў: “Вы ўжо прабачце, але без адказнасці ніяк. Вы з’яўляецеся крыніцай павышанай небяспекі на дарозе”. Гэтак я са звышпільнага кіроўцы, над якім па-добраму сцябаліся сябры (маўляў, не абавязкова ўжо гэтак пільна прытрымлівацца правілаў), ператварылася ў крыніцу павышанай небяспекі з яшчэ невядома якім доўгам перад дзяржавай. І пакуль чакаю прызначанага інспектарам дня, калі я даведаюся, якое пакаранне мне ўпаяюць, міжволі думаю пра гэты доўг.
У аўташколе нам аднойчы ўрачыста сказалі: “Вы атрымліваеце новую прафесію”. І ў нечым атрыманне кіраўнічых правоў сапраўды карэлюе з атрыманнем дыплома па пэўнай спецыяльнасці. Ты слухаеш лекцыі, рыхтуешся, здаеш залікі і экзамены, практыкуешся. І там, і там экзамены накіраваны не на практычнае іх прымяненне, а выключна на здачу дзяржаўных экзаменаў. Пасля гэтага выпускнік, скажам, ВНУ ідзе на вытворчасць, а выпускнік аўташколы выязджае на аўтамабілі на дарогу. І тут падабенства між імі заканчваецца.
На новым месцы працы кіраўніцтва разумее, што нават добра навучаны ў сярэднеспецыяльнай установе ці ўніверсітэце прыхадзень не можа адразу добра спраўляцца з абавязкамі. Занадта разыходзіцца практыка з навучаннем. І да навічка, як правіла, прыстаўляюць вопытнага работніка, каб першым часам што падказаў і паправіў памылкі.
З маладымі кіроўцамі таксама часта ездзяць блізкія людзі, каб закончыць пачатую працу інструктара па ваджэнні. Бо ўзровень адной толькі аўташколы – гэта агульнапрызнана – не дазваляе выпускніку быць паўнавартасным удзельнікам дарожнага руху яшчэ доўгі час. А калі такіх людзей, што здольны ахвяраваць табе свой час, няма? Калі ты мусіш сесці за руль і спадзявацца толькі на тое, што выручыць тэорыя? Тады трапіць у сітуацыю, дзе ты “ад сваёй віны не адмаўляешся”, вельмі і вельмі проста.
Яшчэ адно міжвольнае параўнанне. Калі на новым месцы працы накасячыць новенькі работнік, на яго пакрычаць, але лёгка даруюць, разумеючы, што перыяд навучання ўключае ў сябе памылкі – такая псіхалагічная прырода самога навучання. А калі памылку робіць свежаспечаны кіроўца, літасці яму чакаць няма адкуль. Яго тут жа абкладаюць штрафамі – што яшчэ паўбяды – і забіраюць пасведчанне, быццам за той тэрмін, што ён не будзе мець практыкі, ён стане запраўскім вадзілам і ніколі не зробіць больш дарожна-транспартных здарэнняў. Цікава, у ДАІ сапраўды разлічваюць на такі тэрапеўтычны эфект? Калі ўжо нехта апынуўся крыніцай павышанай небяспекі, больш лагічна было б накіраваць яго на дадатковыя ўрокі ваджэння.
Таму дазволю сабе думаць, што ДАІ менш за ўсё клапоціць стан бяспекі дарожнага руху. Куды важней ім справаздачы аб сабраных „з насельніцтва” штрафах і суровых мерах пакарання правапарушальнікаў. У дзяржаве, дзе не прынята думаць пра будучыню, іначай быць не можа.