Дурны ісламіст, як варона
Тое, што адбылося ў Парыжы – сярэднявечнае дзікунства, якому не павінна быць месца ў дваццаць першым стагоддзі. Чалавецтва нібыта ідзе ў бок большай гуманнасці, але другая яго частка, як быццам згодна з законам дзеяння і супрацьдзеяння, робіць усё, каб рух да чалавечнасці суправаджаўся масавымі бесчалавечнымі забойствамі.
Свет спрабуе сфармуляваць матывы тэрарыстаў, каб супрацьстаяць навале. Шукаючы сэнс, мы згадваем пра гэтак званую канчатковую мэту іслама – распаўсюд рэлігіі па ўсім свеце – і часта вырашаем, што менавіта тут закапаны сабака. Хоць, прама скажам, мэта як мэта, хрысціянства ва ўзросце іслама мела не меншыя амбіцыі. Але хай сабе, дапусцім, менавіта мара пра сусветнае панаванне вучэння Мухамеда прымушае фанатыкаў забіваць.
Тады адразу трэба заўважыць, што ў ісламістах адны суцэльныя імбіцылы, якія не бачаць, што масавыя забойствы пакуль ні разу не прывялі да шматразовага прыросту мусульманскай папуляцыі. Пасля тэкакта 2001 года ў Нью-Ёрку ўзрасла колькасць злачынстваў у адносінах да мусульман і людзей, што былі на іх знешне падобны. Забілі, напрыклад, аднаго індуса, яшчэ шмат злачынстваў абышліся толькі цялеснымі ці маральнымі пакутамі ахвяр. Доўга і коса глядзелі ў бок мусульман і амерыканскія сілавікі, прымусіўшы тых пагалоўна здаць адбіткі пальцаў і быць падазраванымі ў любым гучным злачынстве.
Не назіраецца масавага пераходу ў іслам і ў нашыя дні, калі Ісламская дзяржава з усіх сіл стараецца давесці безабаронным людзям перавагі адной рэлігіі над іншай. Стараецца ўсімі магчымымі спосабамі катавання, але ў адказ чуецца ўсё больш гучны пратэст. З кожным новым тэрактам галасы інтэлігентаў, якія заклікаюць адрозніваць мірную рэлігію ад фанатычных вар’ятаў, заглушаюцца хорам людзей, якія хочуць не паліткарэктнасці, а толькі бяспекі. І любая дзяржава гатовая іх падтрымаць, бо чаму ж пад маркай барацьбы з тэрарызмам не праслухоўваць тэлефоны, не парушаць таямніцу перапіскі і іншымі спосабамі не ўлазіць у жыццё сваіх грамадзян?
Так што хто б ні быў стратэгам радыкальных мусульман, а яго ай-кью яўна ніжэй за плінтус, калі ён дбае пра дабрабыт сваёй рэлігіі. Але хутчэй за ўсё адзінай сапраўднай рэлігіяй ісламістаў з’яўляецца нянавісць, а гвалт – адзіным прарокам. Разам яны даюць ілюзію поўнай улады, якая і патрэбная вычварэнцам з імем бога на вуснах. Зрэшты, імёны на вуснах могуць быць розныя. Крамлёўскія вычварэнцы 30-х, якія не саступалі па жорсткасці ІГІЛу, пра бога зусім не згадвалі.
Увогуле мы ўсе заблыталіся. Якім словам верыць, якім не. Ці верыць словам увогуле? Можа, судзіць толькі па дзеяннях? Калі так, то каго? І так цяжка ўвесь час памятаць, што мы рухаемся ў бок дабра і гуманізму. І значыць, па дарозе мы непазбежна мусім выкідваць тое, што нас тармозіць. З сябе найперш.