Дык бясплатна ж!
Дабро – яно карыснае ў тым выпадку, калі ты на яго пагаджаешся. Перавесці бабулю праз дарогу – добра. Перавесці бабулю праз дарогу насуперак яе жаданню – гэта ўжо нешта, з дабром ніяк не звязанае. Бясплатныя поліэтыленавыя пакункі ў супермаркетах таксама носяць характар дабра з сумніўнай якасцю.
Яшчэ год пяць таму сябры з экалагічным мысленнем навучылі мяне не выкідаць адразу пластыкавыя пакеты, а сартаваць іх. Чыстыя можна выкарыстаць яшчэ як мінімум раз для упакоўкі, у бруднейшых можна прывесці бульбу з лецішча ці выкінуць у іх смецце. З таго часу ў мяне завяліся на кухні два пакункі для пакункаў. Спачатку гэта былі невялікія пакеты, пасля прыйшлося ўзяць пад гэтую справу “майкі”, а цяпер цэлафаны, прызначаныя для другога выкарыстання, займаюць сумку, якой ужо няма месца ні на адной з паліц, і яна проста стаіць на падлозе і без таго малюсенькай кухні.
Цяпер вы разумееце, чаму ў супермаркетах я стараюся не браць новы пакунак, калі на гэта няма неабходнасці. Навошта пакет на два яблыкі, на качан капусты, тры сыркі ці асобныя пакеты на розныя гатункі цукерак? На жаль, разумееце вы, а ніяк не гандлёвы персанал, навучаны не ўсміхацца, затое ўсё запар пакаваць у кіламетры поліэтылена. “Гэта ж бясплатна,” – прыводзіць свой бяззменны аргумент прадавец, упэўнены, што пераканаў на ўсё астатняе жыццё.
Асабліва я маюся з тварагом. Цалкам усвядомлена, з падведзенай маральна-этычнай базай, я шукаю ў краме тварог, запакаваны ў звычайную паперу – добра, што яшчэ некалькі вытворцаў такі выпускаюць. Прыходжу з ім на касу, радуюся, якая я малайчына, што пакідаю пасля сябе не так шмат смецця, і пакуль я кладу іншыя пакупкі ў торбу, прадавец ужо даўно адарвала для экалагічнай пакупкі кусок цэлафана і пахавала ў ім мае лепшыя пабужэнні. Наступны раз я гляджу за рукамі касіра больш пільна. Як толькі яны цягнуцца да пакункавага рулона, я рашуча ўмешваюся: “Мне не трэба пакет!” – “Дык бясплатна ж”, – прыўздымае брыво ўласніца рук. Я для яе дзівачка, што толькі працаваць замінае. У многіх выпадках я ўсё ж такі адстойвала сваё права адмовіцца ад бясплатнага “дабра”, але аднойчы касірка ўзяла тварог з такой грэблівасцю і пасля так дэманстратыўна выцерла свае пульхныя рукі, што я вырашыла больш не ламаць гандлёвым жанчынкам звычны ўклад жыцця, а проста хадзіць за тварагом са сваім пакункам.
У мінскую краму, ля якой жыла пару дзён, я наведвалася адмыслова за смачнай французскай булачкай. Заходзіла ў залу, брала адну-адзіную булку, і з ёю у руках спынялася ля касы, каб ў прадавачкі не было спакусы адарваць пакунак. Але пакунак усё адно адрывалі. Адна з касіраў нават адкрыта саркастычным тонам спытала: “А ў зале што, пакетаў не было?”. Яна і думкі не дапусціла, што ён мне проста непатрэбны. І праўда: як можа быць непатрэбна “бясплатнае ж”?
І вось я чарговы раз гераічна адбіваюся ад пакунка для двух сыркоў, і ад стомленасці ды бясконцага паўтарэння сітуацыі даволі эмацыйна тлумачу касіру: “Ды я ўжо не ведаю, куды дзець вашыя бясплатныя пакеты!”. І тут мяне падтрымлівае сусед па чарзе. Ён стаіць з бутэлькай смачнага і недарагога віна, і яўна не мае праблем з настроем. Сусед нахіляецца ў мой бок і з па-д’ябальску шматабяцальным выглядам раіць: “Прыгажуня, а вы іх проста выкідайце!”.
Можа, і праўда? Можа, усе будзем браць па 20 пакункаў у дзень, а пасля з лёгкім сэрцам выкідаць? Нібыта незнарок забываючыся, што нішто нікуды не знікае. Асабліва поліэтылен.