Дыверсіфікацыя экспарту



У польскім “Кэрыфуры” хітом восеньскіх продажаў мусяць стаць гумовыя чобаты. Ну ці сіліконавыя, як цяпер правільней казаць. Дзіва што: кошт у менш чым пяць даляраў за любую пару прывабіў не толькі схільных да халявы беларусаў, але і не менш схільных да гэтага палякаў. Як заўсёды бывае на распродажы танных рэчаў, у скрыні тыя боты валяліся без аніякага парадку, і пакупнікі доўга ды пакутна адкопвалі пару да экзэмпляра, які ўпадабалі. Чобаты адрозніваліся не толькі памерам, фасонам, але і нязначным адценнем колеру, што пакупнікі часта адразу не заўважалі. Ад таго іх паслядоўнікі з больш пільным зрокам час ад часу звярталіся да прадавачкі: “Пані, я нешта не магу знайсці пару да гэтага бота, ён жа не можа быць адзін?”. Пані з усмешкай і лёгкай пагардай паціскала плячыма і адказвала, што, наадварот, такое цалкам магчыма.

Нават мы з мужам адважыліся на неўласцівыя нам археалагічныя пошукі ў скрыні – выключна таму, што мужу і без таго патрэбны былі чобаты для вёскі. І неўзабаве мы сталі шчаслівымі ўладальнікамі гумова-сіліконавай пары сумніўнай якасці, затое вельмі сімпатычнага кошту. Дома разгледзілі пакупку яшчэ раз: маналітная падэшва, рэшткі застылага матэрыялу на спайках, лічбы памеру і некалькі літар. Вока, звыклае да дзвюх графічных сістэм, далёка не адразу ўлоўлівае, што ў гэтых літарах нешта не так. І ўсё ж: што робяць кірылічныя літары на польскіх ботах? Разам з эмблемай расейскага стандарту. Адказ відавочны: мы купілі ў польскай краме далёка не еўрапейскі прадукт.

Пытанне не ў тым, што ў любым беларускім “Еўраопце” мы маглі адкапаць дакладна такую ж пару расейскіх ботаў. І не ў тым, што не рабілі мы так з прынцыповага імкнення не падтрымліваць эканоміку краіны-агрэсара. Уражвае нечаканая разнастайнасць экспарту суседняй дзяржавы. Варта было заявіць Уладзіміру Уладзіміравічу, што прыйшоў час зніжаць залежнасць эканомікі ад продажу вуглевадародаў, як на Захад разам з таннай нафтай паплылі танныя боты. Самая вялікая краіна ў свеце чарговы раз даказвае, што ніякі яна не сыравінны дадатак, што мае яна ўласную вытворчасць, прадпрымальніцкую смеласць і здольная заваліць Еўропу арыгінальным прадуктам.

Цяпер ад нафты і зусім адмовіцца можна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ