Голы беларус



Пару дзён таму, яшчэ да апошняй дэвальвацыі, пачула экзістэнцыйны для памежжа дыялог. Дзеючымі асобамі ў ім былі кіроўца, кантралёрка і пасажыр. Дзея адбывалася ў рэйсавым аўтобусе, што рухаецца па непрыбытковым маршруце, загружаным толькі ў сезон агародніцкіх прац.

Кантралёрка, праверыўшы білеты абодвух пасажыраў, звяртаецца да кіроўцы: – Што, толькі два чалавекі павязеце? – Сюды ехаў з двума і назад два павязу. Тут умешваецца пасажыр: – Нявыгадна вам нас вазіць. Кантралёрка: – Што зробіш, зімой так заўсёды. Цяпер толькі нашыя ўкраінскія аўтобусы загружаныя. Асабліва на выходных – бітком забітыя. – І не баяцца ездзіць? – А што тут баяцца. Каля нас жа нічога не было. Спачатку былі трохі пагаварылі – праўда ці не? – што машыны перапыняюць, а пасля і гэта прыціхла. – Я думаў, усе ў Забалацце едуць… – Хапае і на Ковель. Наш кіроўца мінулы раз прастаяў на мяжы ў адзін бок 1,5 гадзіны, а ў зваротны ажно 7! Налічыў 200 беларускіх машын. – Выходзіць, выгадна ездзіць. – А чо ж не выгадна? Тут даляр вы купіце за 11 тысяч, а там здадзіце за 19 грывен. Канешне, выгадна!

Самыя прадпрымальныя з нас даўно зразумелі: ад размоў кіраўніцтва краіны пра стабільнасць “зайчыка” можна атрымліваць прыбытак. Паколькі размовы суправаджаюцца стрымліваннем натуральнага росту даляра (ці падзення беларускага рубля, калі дакладней), і валюта такім чынам у абменніках прадаецца па кошце ніжэй за рыначны, гэтую валюту трэба хутка хапаць ды весці за мяжу – мяняць на рэальныя тавары. Чым больш размоў пра стабільнасць, тым хутчэй трэба бегчы ў абменнік. Пра гэта ведаюць усе, таму шоп-туры з Беларусі ў суседнія краіны – з’ява ці не больш масавая, чым выезд летам на мора.

У вачах нашых суседзяў – палякаў, украінцаў, а пасля і рускіх – стаяла нямое пытанне: няўжо беларусы такія заможныя? Бядняк жа не паедзе купляць усякую хрэнь за дзвесце кіламетраў. Смешна, ці не так? Краіна, дзе даўно няма эканомікі, здольнай хаця б пракарміць, не тое што апрануць, рабіла выгляд заможнай, як той голы кароль у казцы рабіў выгляд апранутага. Хаця насамрэч усё лагічна. Гэта не бядняк, а багаты не паедзе за ўсякай хрэнню. Багатаму ўсё роўна, дзе, калі і за які кошт яе купіць. Праўда, у адным выпадку за хрэнню паедзе і ён – калі прадчувае, што яго грошы хутка не будуць каштаваць нічога.

Было зразумела, што вось-вось прыдзе чарговы канец нашай стабільнасці, а таму і машын на мяжы станавілася больш. Паспець купіць нешта, перад тым як уласная зарплата ператворыцца ў пустую дыню з мышамі ўсярэдзіне – хіба не пра гэта думалі абачлівыя беларусы, раскупаючы білеты ў некамфартабельныя аўтобусы “Брэст – Ковель”? З моманту размовы прайшло ўсяго некалькі дзён, а ездзіць у Ковель стала мінімум на 30% менш выгадна. Але “беларускі” даляр усё адно каштуе менш, чым украінскі (хоць і адсутнічае ў продажы), таму берасцейскі аўтавакзал пасажыраў страціць не павінен. Прынамсі да таго часу, пакуль у суседняй краіне кошт даляра будзе вызначаць рынак, а нас – паўнамоцныя органы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ