Хай думае, што не пазнала
Трэба было тэрмінова дабрацца ў цэнтр, таму, нягледзячы на ліпеньскую спёку, я папёрлася на вуліцу. Ехаць вырашыла маршруткай, і са скрыпам сэрца і зубоў спыніла з іх першую – старую жоўтую “газель”, у якія звычайна прынцыпова не сядаю. Лічу, што трымаць іх могуць толькі нядобрыя людзі, якім абсалютна напляваць на бяспеку сваіх пасажыраў. А ўзбагачаць нядобрых людзей трэба толькі ў вельмі крайніх выпадках. Гэта быў крайні выпадак.
Перспектыва 20 хвілін трэсціся ў аўто-інвалідзе, канешне, не натхняла, але калі маршрутка спынілася, я пабачыла два абсалютна вольныя месцы побач з кіроўцам, і, галоўнае, адкрытае бакавое акно. Задаволеная, я бадзёра адчыніла дзверы і гучна ды весела павіталася з вадзілам, зусім забыўшы, што ў нашых маршрутках вітацца не прынята. Ён хутка на мяне паглядзеў, адвярнуўся і стрымана павітаўся ў адказ. Я спытала, колькі каштуе праезд. Кіроўца аказаўся крыху няўважлівым, і пытанне зразумеў ці пачуў не адразу. Калі зразумеў, зноў ціха і стрымана назваў суму.
Кіроўцы грамадскага транспарту паводзяць так сябе даволі часта, таму нейкім няветлівым чалавек за стырном мне не падаўся. А калі ён мне працягнуў яшчэ і квіток, хоць пасажырам на пярэдніх сядзеннях іх даюць вельмі рэдка, я і зусім на нейкі час кінула думаць пра сітуацыйнага суседа.
Пазнаваць у ім знаёмага я пачала толькі бліжэй да канечнай кропкі свайго падарожжа. Яго ненатуральная заціснутасць і ледзь заўважная расхваляванасць на тонкім узроўні пачалі ўзрушваць і мяне, і ўслед за гэтым прыйшло прыпамінанне.
Гэты румянец на шчоках маладога, сімпатычнага чалавека я бачыла летась, падчас выбараў. Дзеля журналісцкага эксперымента і цікаўнасці я пайшла на адзін з участкаў у якасці назіральніка. Мне тады вельмі “пашчасціла” з ідыятычным кіраўніцтвам участка. Яно ляпіла адно грубае парушэнне за другім, не парупілася пачытаць выбарчае заканадаўства, на ўсе пытанні адказвала выключна пасля званка начальству, а ўласную некампетэнстнасць, як прынята ў такога роду людзей, прыкрывала хамствам.
А сакратаром участка, выстаўленым ад БРСМ, быў гэты самы кіроўца старой жоўтай “газелі”. Год таму кіроўцам ён, натуральна, не быў, а хутчэй за ўсё займаў нейкую невялікую пасаду ў адным з камітэтаў бутафорскай грамадскай арганізацыі. Калі яму прыходзілася мне хлусіць, ён гэтак жа адводзіў вочы, і гэтак жа чырванеў. Я тады думала: “Ну ладна гэтая карова-старшыня стараецца. У яе цёплае месца дырэктара школы, у яе інтэлект ніжэй плінтуса. Але ты, малады і кемлівы хлопец! Навошта табе гэтае лайно?”.
Кожны з нас граў свае сацыяльныя ролі: ён хлусіў разам са старшынёй, я пісала скаргі ды рыхтавала да друку дзённік назірання, дзе называла і яго прозвішча таксама. Думаю, яму пасля публікацыі было непрыемна – як і мне падчас назірання. Ці было яму ўтульна сядзець побач са мной цяпер? Відавочна, не. Я была напамінам пра тыя часы, калі яму прыходзілася выконваць чужыя загады, дзесьці ў глыбіні душы падазраючы, што загады гэтыя не надта свежа пахцяць. Можа, ён і сышоў таму, што з глыбіні падазрэнне прарвалася ў свядомасць. А можа, фіктыўная грамадская праца проста дрэнна аплачвалася.
У любым выпадку я за хлопца, які прайшоў праз выбары і не згубіў здольнасць ружавець, радая. Лепш быць кіроўцам пачварнай газелі, чым арганізоўваць выбарчы фарс. Таму ад саркастычнага пытання: “А што, за фальсіфікацыі плацілі горш, чым тут?” я ўстрымалася.
Хай думае, што не пазнала.