Меры эканамічнай бяспекі
Навіна пра новы ўказ прэзідэнта з хуткасцю свету распаўсюдзілася сярод зацікаўленых – прафесійных кантрабандыстаў, іх кліентаў, аматараў таннага і імпартнага, і проста ўладальнікаў шэнгенскіх віз. Яшчэ не з’явіўся тэкст указа №40, які ўносіць новыя абмежаванні на пакупкі за мяжой, а ўжо ягоныя пастулаты назубок цытуюцца ўстрывожанымі беларусамі.
Кантрабандысты прыкідваюць, у якія грошы ім абыдуцца паслугі перавозчыкаў праз мяжу, што ездзяць не часцей раза ў квартал, ды раскідваюць розумам, што б яшчэ такое вазіць з замежжа, каб укладацца ў новы ліміт да 300 еўра.
Падстаўныя пакупнікі таксама панікуюць. Каму хочацца пазбаўляцца невялікай і нестабільнай, але ўсё ж магчымасці атрымаць нешта ў дадатак да заробку на афіцыйным месцы працы? Асабліва ўлічваючы, што заробак бюджэтнікаў імкнецца да чырвонай адзнакі ў сто даляраў. Выхавацелі дзіцячых садоў, культурныя работнікі і медыкі ніжэйшага звяна ўжо маюць не больш за два з паловай мільёны.
Тых, хто не зарабляў, а толькі купляў – праўдзівых спажыўцоў замежных інтэрнэт-крам і рэальных супермаркетаў – шкада таксама. Хаця б таму, што іх чарговы раз пазбавілі выбару і заявілі, што дзяржаве відней, дзе і што ім набываць. Спачатку фактычна закрылі рынкі з таннымі кітайскімі апранахамі, пасля зрабілі нявыгадным іх набыццё праз інтэрнэт.
А ўсяго гэтага можна было чакаць, асабліва пасля чыстасардэчнага прызнання прэм’ер-міністра Кабякова, што краіна рухаецца ў бок яшчэ глыбейшага крызісу, і анонса ім цэлай серыі ўказаў прэзідэнта і пастаноў міністэрстваў. Ды не абы-якіх, а накіраваных на “забеспячэнне эканамічнай бяспекі, мабілізацыю рэсурсаў, падвышэнне аператыўнасці і комплекснасці прыняцця рашэнняў на ўсіх узроўнях кіравання, падвышэнне канкурэнтназдольнасці эканомікі, а таксама кансалідацыю бюджэту” (працытавана па матэрыяле TUT.BY). Асобна прэм’ер-міністр згадаў “рацыянальнае імпартазамяшчэнне”, закліканае наладзіць эфектыўнасць вытворчага сектара.
Не прайшло і двух дзён – і вось яна, першая ластаўка, што анансуе прыход вясны і чарговага беларускага эканамічнага цуду.
На нашых вачах улада напружылася, сканцэнтравалася, сабрала ў адно ўвесь свой інтэлектуальны патэнцыял і абвесціла вайну ўсім, хто здольны пракарміць сябе, ці проста купляць, без яе дапамогі. І гэтым пацвердзіла, што народ успрымаецца ёю не як аб’ект для абароны і клопату, а выключна як унутраны вораг, кулак, у якога ёсць лішкі зерня. Як у тым анекдоце, у якім беларускі прэзідэнт выхваляецца перад замежнымі калегамі, як ён плаціць людзям па 200 даляраў, 500 забірае назад і збіраецца даведацца, дзе тыя бяруць астатнія 300.
А хутка ж раскажуць пра іншыя ўказы. Не ведаю, як вы, а я крыху хвалююся. У прамове Кабякова было яшчэ столькі разумных слоў…