Мяне ненавідзяць



З новай яснасцю мне стала гэта відавочна пасля шэрагавага візіта да ўрача. Пару тыдняў таму на скуры вылезла пару плямак. Яны нібыта і не перашкаджаюць, але і не праходзяць, таму сцяўшы зубы я накіравалася ў Берасцейскі абласны скурна-венералагічны дыспансер – той самы, дзе на першым паверсе самая звычайная рэгістратура, а на апошнім – закратаваныя вокны.

У маёй раённай паліклініцы няма дэрматолага, таму кожныя пару год я з’яўляюся тут па нейкай дробязі, заводжу новую картку і чамусьці кожны раз здаю аналіз на нейкую страшную інфекцыю тыпу сіфеліса – тут, напэўна, ёсць нейкі план па гэтым даследаванні. На гэты раз я вырашыла цвёрда адмаўляцца ад усякіх накіраванняў. Але картку зноў згубілі, а для новай трэба прынесці вынікі флюараграфічнага абследавання. Гэта праблема. Бо каб узяць вынікі, трэба ісці да сцярвознай дамачкі з маёй паліклінікі, якая апошні раз, калі я зайшла з гэтай мэтай, накінулася на мяне, як звер, бо я на 4 хвіліны прыйшла пазней, чым рэгламентаваў яе рабочы графік. Графік, што адрозніваўся ад графіка самой паліклінікі.

Цяпер, каб не марнаваць часу, я вырашыла пайсці да платнага касметолага. Там ніякіх флюарографаў не трэба – толькі грошы плаці. Але тут здарылася ўвогуле анекдатычная сітуацыя. Як толькі я пачала распавядаць пра свае плямкі, і лекарка грэбліва паспела перапытаць толькі адно беларускае слова, зазваніў тэлефон. Касметолаг выгукнула ў трубку: “Іду!”, узяла ключы, і глыбока напляваўшы на маю скуру, загадала пабыць у калідоры, бо яе выклікаў галоўны ўрач.

Я выйшла і нават прысела, каб абдумаць, што ж такое адбылося. Даслухаць, вынесці вердыкт і выпісаць лекі каштавала б ёй 5 хвілін, і я б за гэта заплаціла згодна з прэйскурантам. Але лекарцы было прасцей ад мяне пазбавіцца. “Урачы ненавідзяць пацыентаў”, – успомнілася рэпліка невядома з якой размовы. Канкрэтны лекар Яроменка ненавідзела мяне, і я гэтую нянавісць адчула. Таму не чакала пакорлівую служку галоўнага лекара, а пайшла са сваімі плямкамі дадому. Лепш з плямкамі, чым з нянавісцю. І без вынікаў флюараграфічнага даследавання лепш па той жа прычыне.

Калі я заходжу ў краму, мяне ненавідзяць ужо прадавачкі. У іх на тое свае прычыны. Ім фіялетава, колькі грошай я пакіну ў супермаркеце іх босаў-эксплуататараў. Калі касірка стаіць каля 12 гадзін у суткі на скразняку, і яе пазваночнік ные так, што дзяўчына сціскае зубы, то ненавідзіць у гэты момант яна не працадаўцу, а мяне, якая набрала ўсякай драбязы, з якой яшчэ і шрых-коды не заўсёды счытваюцца.

І канешне, мяне працягваюць ненавідзець у цягніках, хаця дзе-дзе, а тут я стараюся даваць для гэтага найменш падстаў, бо трымаю ў галаве, як мая мама-праваднік  заводзіцца з паўабароту ад аднаго слова “пасажыр”. Я ведаю, што, зайшоўшы ў вагон, трэба сядзець ціха, ні пра што не пытацца, гарбату браць толькі ў выпадку, калі праваднік сам прапануе, і адразу ж адносіць шклянкі назад. Не настойваць на здачы, прачынацца сама меней за паўтары гадзіны да канечнай станцыі і тут жа несці бялізну. Выканаўшы гэтыя правілы, нельга зусім пазбегнуць паталагічнай нянавісці правадніка да пасажыра, але ёсць верагоднасць, што яна прынамсі не будзе актуалізавана і ўсвядомлена.

Мне, як усякаму чалавеку, які сам да сябе шчыры, хочацца ўсім падабацца, але згодна з амаль усімі сацыяльнымі ралямі, акрамя сямейных, сяброўскіх і партнёрскіх, маё прызначэнне – быць аб’ектам нянавісці.

Добра, што галоўнае заключаецца ў іншым. Не пачаць ненавідзець самой.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ