Не ведаем, то хоць паб’емся



Чалавек, калі да 21-га стагоддзя і навучыўся талерантнасці, то ў пытаннях веры і рэлігіі – там, дзе па логіцы талерантнасці павінна быць найбольш, ён па-ранейшаму паводзіць сябе, як варвар.

Не-не, я кажу не пра ісламістаў-радыкалаў, якіх хлебам не кармі, а дай знішчыць як мага больш няверных. Што пра іх казаць – пра звычайных такіх злачынцаў, хіба крыху больш рашучых – напэўна таму, што ў гэтым свеце, куды прыслаў іх бог дзеля шчасця і кахання, іх місія правалілася, і яны прыдумалі сабе новую, напоўненую крывавым зместам?

Чалавеку ўвогуле ўласціва ўсё ўкладняць і напаўняць сваім зместам тое, што ўжо было напоўнена без нас. Самі сабе прыдумваем пакуты, і самі ж намагаемся атрымаць ад іх задавальненне, тлумачачы, што так трэба дзеля збавення. Але ці дадаецца нам і нашым блізкім ад гэтага шчасця? Пытанне важнае, бо ад нешчаслівага чалавека карысці ніякай, адна небяспека, ды і душа ягоная наўрад ці так лёгка і бязважка падымецца ў неба. Калі б мне, жанчыне, дазволілі прапаведаваць, я б абавязкова казала ўсім людзям – будзьце шчаслівыя з кожнай дробязі, і бог будзе з вамі кожны дзень і кожную хвіліну. Зрэшты, упэўнена, мудрыя святары кажуць так і без мяне.

Але я пачынала казаць пра неталерантнасць. Выпадак у Францыі чарговы раз усхваляваў розумы чалавецтва і распачаў шматлікія дыскусіі, якія нярэдка заканчваюцца словамі: “Сам дурань!”. У кожнага ўдзельніка спрэчак свая праўда, кожны па-свойму мае рацыю, і, што асабліва выйгрышна, нікому нельга давесці: не, чувак, ты дакладна вярзеш нейкую лухту. Бо на ягонае: “А ты адкуль ведаеш?”, нам не застанецца нічога, як праглынуць язык.

Вера ў тым прыцягальная, у тым выратавальная і ў тым жа згубная, што даказаць нічога немагчыма. Нельга патлумачыць: “Калі націснеш на гэты гузічак, засвеціцца экран” і прадэманстраваць усё вопытным шляхам. Вера і адрозніваецца ад навукі якраз тым, што мы не ведаем нічога дакладна, нам застаецца фарміраваць вобраз невядомага ў галаве і верыць у яго. У кожнага ён свой – нават у вернікаў адной канфесіі, і няма аднолькавых вобразаў, як няма аднолькавых людзей. Таму ў новага сябра, да якога ўжо можна прыставаць з інтымнымі роспытамі, я б пыталася: “Як ты ўяўляеш бога?” замест традыцыйнага: “Хто ты па веравызнанні?”. Бо што дасць мне такі яго адказ? Калі ён адкажа, што мусульманін, я так і не зразумею, дзеля пакуты ён жыве ці дзеля радасці, любіць ён прыйшоў ці забіваць.

А раз няма аднолькавага вобраза, і раз ніхто з нас не ведае правільнага адказу на фундаментальныя пытанні нашага існавання, то навошта мы баламуцім ваду і спрабуем нешта даказаць? Вобраз у сваёй галаве, канешне, бліжэйшы да цела, але наўрад ці аб’ектыўна лепшы за вобраз хоць бы жонкі ці мужа. Тое самае можна сказаць і ў адносінах да цэлых рэлігій. Таму кідайма спрэчкі і давайце проста радавацца таму, што жывем. Галоўнае, каб вобраз у галаве дазволіў радавацца.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ