Нявольнанаёмны выхавацель
Кожны выпускнік педагагічнай ВНУ ўжо дастаткова разумны, каб ведаць, што сённяшняя беларуская школа — зусім не тое месца, дзе развіваюцца духоўна і прафесійна, і тым больш не тое, дзе зарабляюць на прыстойны ўзровень жыцця. Разам з тым выпускнік, нават без парад старэйшых калегаў, чыста інтуітыўна разумее, што дзіцячы садок — яшчэ горш за школу. Бо неяк так павялося: чым ніжэй ранг установы адукацыі, тым ніжэй там і культура, і заробкі. Рэктар універсітэта ніколі не дазволіць сабе такіх адкрытых абраз работнікаў, як дырэктар школы, а загадчык садка часта і ўвогуле не мае ніякага разумення пра ўзаемна паважлівую размову між людзьмі. Падначалены выхавацель для яго – гэта саплівае дзіця з ясельнай групы, з адным адрозненнем, што за крык на дзіця могуць быць наступствы, а за лаянку на выхавацеля – не.
Так што ніхто з выпускнікоў па сваёй волі ў дзіцячы садок не размяркоўваецца, і тым больш стараецца трымацца ад гэтых установаў далей ужо з вопытам працы ў сістэме, калі ўсе прадчуванні шматкроць пацвердзіліся практыкай.
І ўсё ж, у садках нехта працуе, нават ва ўзначаленых асаблівымі монстрамі-загадчыцамі. Што ж рухае педагогаў на такі адчайны крок?
Адзінкі вельмі любяць дзяцей і не мысляць сабе іншай працы. Вялікай арміі выхавацеляў хочацца неяк дапрацаваць да пенсіі, і шукаць лепшую працу ў перадпенсійным веку не выпадае. Яшчэ нейкая частка добра забяспечана мужамі, але не хоча проста сядзець дома і не адмаўляецца ад прывычнага працоўнага кола. Ну а астатнія насельнікі дзіцячых садкоў — гэта выхавацелі па няволі, ці па іроніі лёсу. Адны не ўберагліся ад размеркавання, іншыя прыйшлі сюды самі, але не ад добрага жыцця.
Вось, напрыклад, мая знаёмая. Да нараджэння дзяцей яна паспела добра пазнаёміцца з умовамі працы ў розных школах, і вырашыла пасля дэкрэтнага адпачынку ні за што ў сістэму адукацыі не вяртацца. Але сітуацыя склалася не лепшым чынам. Хворае дзіця, якому патрэбныя лекі і платныя кансультацыі дактароў, няўдалая спроба атрымаць іншую працу, бо хто ж возьме маці двух дзяцей, якія да таго ж часта хварэюць, і муж скнара – вымусілі маладую жанчыну сціснуць зубы і зноў пайсці ў аддзел адукацыі. А там і кажуць: месцы толькі ў садку.
У садку новага чалавека па негалоснай традыцыі паставілі на самую цяжкую групу і з першага дня паказалі, што выхавацель з сябе нічога тут не ўяўляе. Хіба ў якасці рэваншу можна пасля крыху пакрычаць на дзяцей. За неверагодныя з непрывычкі маральныя пакуты жанчына атрымала… 2 мільёны, уключна з прэміяй. Кожны дзень новая выхавацелька парываецца звольніцца, але ўвечары зноў успамінае, што падштурхнула яе на гэтую працу.
Які камфорт можа быць дзецям у садках, калі выхавацелі не тое што не атрымліваюць задавальнення ад працы – яны проста нявольнікі абставінаў і ненавідзяць за гэта сваю вязніцу? Зрэшты, бацькоў рэдка шчыра непакоіць камфорт дзяцей у садку. Ім трэба проста месца, куды можна здаць малых на час здабывання чаркі і скваркі.