Раман з міліцыяй



Я нашу міліцыю збольшага люблю. Калі справа не датачыцца палітыкі, то функцыя ў гэтай дзяржаўнай структуры выключна гуманная і грамадству неабходная. Часам і шкада маладзенькіх міліцыянцікаў, каму трэба хадзіць да дамах алкаголікаў-хамаў і лавіць небяспечных злачынцаў.

І вось міліцыя нібы адчула, як я яе люблю і шкадую і вырашыла палюбіць у адказ. На першае спатканне нясмела і разам з тым настойліва мяне запрасіў берасцейсці міліцыянцік, і нават прыйшоў да мяне дахаты, зрабіўшы такі неабходны для кахання першы крок. Роднай міліцыі не цярпелася ўжо пачаць мяне любіць.

Калі ўзаемнае каханне закруцілася, то міліцыя перайшла на любоўныя запіскі, якія яна чамусьці называе сухім словам “позва”. Пры гэтым яна лічыла, што каханню ніякая адлегласць не перашкода, і таму клікала адразу ў Іванава, дзе раней адбылося маё злачынства – інтэрв’ю без акрэдытацыі.

На вялікі жаль, першае спатканне па позве сарвалася па прычыне вельмі несвоечасовай маёй хваробы. Для кахання як-ніяк трэба добрае здароўе, таму на спатканне з іванаўскай міліцыяй з тэмпературай 38 я не паехала. Пры гэтым я ведала, што любы каханак – асоба надта ж раўнівая, таму ўзяла медыцынскую даведку, каб засведчыць хваробу. І правільна зрабіла – каханая мая міліцыя не адразу паверыла, што я прапусціла спатканне не з-за здрады з якой-небудзь пракуратурай, а па прычыне больш празаічнай. “Калі раптам у вас няма даведкі, то я магу адразу адправіць матэрыялы справы ў суд, – пагражаў ці абнадзейваў іванаўскі міліцыянцік”. Але ў мяне даведка была, таму нашае каханне працягнулася.

Наступную позву міліцыя, як і першы раз, чамусьці засаромелася накіраваць непасрэдна мне, выбраўшы ў якасці трэцяй асобы маю маці. Хаця жаданне каханага пазнаёміцца з бацькамі таксама можна зразумець. Да таго ж позва прыйшла ў пятніцу вечарам, калі ўсе нармалёвыя людзі ўжо пачалі атрымліваць асалоду ад выходных. Вось гэта каханне! – падумалася мне, і нават з’явіліся сумненні, ці правільна я выйшла замуж. Можа, трэба было пачакаць, і звязаць свой лёс з міліцыяй, якая гэтак пра мяне дбае і клапоціцца. Па тэлефоне мне перадалі змест любоўнага ліста, і я канчаткова ўпэўнілася, як мне пашчасціла з партнёрам – міліцыя клікала мяне быць у Іванава ў панядзелак у 9 00 раніцы, відаць, упэўненая, што я ад нецярпення ўсё адно прыеду з Берасця ў палескі горад яшчэ напярэдадні, каб рамантычна наразаць кругі вакол аб’екта любові.

Але, як амаль заўсёды ў каханні, калі ўсё добра складваецца, душу аднаго з каханкаў бяруць у палон сумненні. Так і я раптам пачала сумнявацца  ў сваім каханні да міліцыі, і праводзіць ноч пад яе вокнамі не паехала. Тым больш што мяне апанавала прадчуванне новага кахання – да нашага самага справядлівага ў свеце суда.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ