Шчадруха ў эпоху інтэрнэту
Сцепаніда Сцепанюк, вядомая ткачыха з Маларыцкага раёна, да Шчадрухі падрыхтавалася. Накупіла цукерак, пячэння, размяняла грошы на дробныя. На выпадак, калі прыйдуць дарослыя каляднікі, на стол паставіла келіх і пачатую бутэльку кагору. Хацела дастаць яшчэ і яблык — добры зімовы пачастунак і дзецям, і дарослым, але прымерзлі дрэвы ў склеп, дзе тыя яблыкі захоўваюцца. Затое ў хаце ляжаць грэцкія арэхі.
Мы сядзім са Сцепанідай, і міжволі гаворым пра Шчадруху. Я прыехала да ткачыхі па іншай справе, але як можна гаварыць пра нешта іншае ў такі вечар? Асабліва, калі справы ўжо вырашаныя, ды і святыя вечары ў вёсцы па-ранейшаму сурова забараняюць усё, акрамя адпачынку. У печцы пячэцца бульба, а мы спяваем. Занятак прыносіць такое задавальненне, што першыя каляднікі нават выклікаюць лёгкае раздражненне: маё, але не Сцепаніды.
У Дарапеевічах, у адрозненне ад вялікіх гарадоў, дзе старанна адключаюць званкі на дзвярах, каляднікаў любяць. Баба Стэпа кожную групу кліча ў хату, бойка вітае і адразу кажа: «Тылько-но спывайтэ! Бо нэц ны получітэ!». Яна любіць спевы, сама ўсё жыццё пражыла з песняй, і добра ведае, як павінен выглядаць карнавальны абрад на Шчодры вечар. Без чаго-чаго, а без песні ён немагчымы. Разам з тым Сцепаніда і ў свае 80 працягвае працаваць з дзецьмі ў Доме творчасці і ведае, што цяперашнія дзеці спяваць не прывучаныя. А таму часта намагаюцца змадэрнізаваць сваё выступленне так, каб не загружаць сябе вучэннем слоў песень і нават мінімальнымі рэпетыцыямі.
Першая групка расфарбаваных і апранутых у саматужныя касцюмы школьнікаў сапраўды спрабуе спяваць. Дзеці збіваюцца і пераглядаюцца, але даводзяць да канца нейкую расейскамоўную песню на тэму Раства. Пасля гэтага прамаўляюць яшчэ некалькі вершаваных прыгавораў, таксама па-руску. Тады амаль вяртаюцца ў аўтэнтычнае рэчышча: рассыпаюць па падлозе зерне, віншуючы насельнікаў дома з Новым годам. І толькі ў самым канцы пераходзяць на свой дыялект з дапамогай вершыка, у якім Сцепаніда адразу пазнае песню і тут жа пачынае вучыць малышню яе спяваць.
Група прыходзіць за групай, і Сцепаніда ўважліва і з энтузіязмам слухае ўсіх. Няма сумненняў, што яна хоча пачуць яна знаёмыя з дзяцінства словы, але замест іх найчасцей гучыць такое: «Сеем, веем, подсеваем, С Новым годом поздравляем! Открывайте сундучок, Доставайте пятачок!», ці «Коляда, коляда, Отворяйте ворота, Доставайте сундучки, Подавайте пяточки». Карацей, гучыць тое, што можна лёгка знайсці ў рускамоўным інтэрнэце, не заганяючыся наконт мясцовых традыцый і роспытаў бацькоў, як правільна трэба шчадраваць. Час ад часу гучаць і беларускамоўныя вершыкі, хоць у багатай на ўласныя калядныя традыцыі Маларытчынне з яе дыялектам яны выглядаюць не менш чужымі, чым рускамоўныя. Нязменным пунктам праграмы ўсіх дзіцячых гуртоў застаецца толькі канцоўка: «В гэтуй хаты е, шчо даты», — адзінае, на што не паўплывала расейскія сцэнары калядак у інтэрнэце.
Мне прыгадалася, як у малодшых класах перад новым годам, нас, школьнікаў чатырох класаў, збіралі разам і вучылі спяваць навагоднія песні — каб быў стройны хор ля елкі на ранішніку. Відавочна, што вясковым настаўнікам ці бібліятэкарам трэба рабіць нешта падобнае ў дачыненні школьнікаў напярэдадні Калядаў. Дзеці абіраюць найбольш лёгкае і даступнае, і калі ў іх будзе гатовы завучаны абрад, у інтэрнэт па чужое яны дакладна не палезуць.
Ну а Сцепаніда, канешне, падманвала. Адарыла ў рэшце рэшт усіх, нават групкі, што абышліся без песень. Зерне на падлозе будзе ляжаць да канца Калядаў, маючы на ўвазе, што ў гэтай хаце, дзе ёсць, што даці, дабрабыт захаваецца і ў новым годзе.