Шэсць гладзенькіх кійкоў
Івацэвіцкі раён. Вёска, аддаленая ад вялікіх дарог і чыгункі, і ў дадатак аточаная водамі балот і азёр. Жыхары – усе да аднаго пенсіянеры – жывуць у такім закутку спакойна і адасоблена.
Зрэшты, калі я туды прыязджаю, то не ведаю, што вёску насяляюць адно людзі сталага веку. Больш таго – не здагадвюся пра гэта і пасля хуткага шпацыру ўздоўж адзінай вуліцы. Усюды парадак, які здольная навесці ў вёсцы рука адно здаровага чалавека – новыя платы, занава ашаляваня ці прынамсі свежа афарбаваныя хаты, новенькая каплічка на ўездзе ў вёску, а ў пачатку і канцы сяльца нават ідзе будаўніцтва. Гэта пасля мне раскажуць, што будоўлю вядзе ў асноўным лясгас ды дачнікі, што пераязджаюць у гэты райскі куток з вясны па восень, а старым дапамагаюць дзеці. А пакуль я іду, назіраю за абжытасцю вёскі, і выбіраю хату, у якой мару знайсці цікавага апавядальніка, мне бачыцца ўсё іначай.
Будаўнік рэкамендуе зайсці ў суседні з будоўляй дом. Там жыве мужчына малодшага пенсійнага веку, і такі ж малады пенсіянер сядзіць у яго гасцях. Калі даведваюцца, што мяне цікавіць пэўны эпізод з гісторыі вёскі, то накіроўваюць да іншай суседкі: “Ёй за 80 ужо, і памяць у яе добрая – усё раскажа”. Абнадзееная, што вёска не такая малажавая, як падалося на першы погляд, іду ў паказаную хату. На мяне не кідаецца сабака, што само па сабе добры паказчык, заходжу ў сені, націскаю на клямку ўваходных дзвярэй – але дзверы не адчыняюцца, у замку хоць і тырчыць ключ, але абсалютна ясна, што гаспадыні дома няма. Чакаю хвілін 10 і іду далей.
Яшчэ адна хата, што з выгляду падобна на хату глыбокіх пенсіянераў. Вокны без шклопакетаў, рондалі на плоце, расхінутыя фіранкі на вокнах кухні. Сабака навязаны, таму заходжу ў двор шукаць шчасця. Але дзверы зноў зачыненыя.
Пасля гэтай хаты натыкаюся яшчэ на тры замкі, хоць тут відавочна, што хаты проста належаць дачнікам. Так даходжу да канца вёскі, не сустрэўшы больш ніводнай жывой душы пры ўсіх прыкметах абжытасці. Апошняя хата дае надзею, што тут нарэшце пашчасціць: на падворку не толькі бегае дабрадушны сабака, але і, расцягнуўшыся, грэецца на зімовым сонейку тлусты кот. Каты для мяне – знак добрай гаспадыні, бо калі чалавек любіць катоў, ён дакладна не адмовіцца і ад нечаканага госця. Але і тут зачынена.
Дык куды зніклі людзі лютаўскім днём у сярэдзіне тыдня? Царквы тут няма, ды і не свята ж. Пенсію людзям прывозяць на дом. Значыць, трэба ісці ў краму. Вяртаюся ў цэнтр вёскі, дзе ў старым савецкім будынку разам з домам сацыяльных паслуг размясціўся “магазін”. І праўда: ля дзвярэй крамы стаіць з шэсць гладзенькіх кіёчкаў, а праз сцяну чуваць бойкае абмеркаванне па нейкім набалелым пытанні кшталту апошняй перадачы расійскага ток-шоў.
Усё становіцца зразумелым. Серада ў гэтай вёсачцы – прывазны, ці хлебны дзень. Машына ад хлебазавода, як правіла, ходзіць роўна па раскладзе, і ўсім вядома, у колькі гадзін можна прыйсці, каб доўга не чакаць. Але так не робіцца ў вёсках, населеных пенсіянерамі. Ім няма чаго эканоміць доўгі зімовы час, таму ў прывазны дзень крама напаўняецца ад самага адкрыцця. Старэнькія жанчыны (іх мужы застаюцца ў хаце глядзець тэлевізар) апранаюць чыстую вопратку і ідуць у краму, як раней у клуб на танцы. І там, на гэтым імправізаваным сходзе, некалькі гадзін запар абмяркоўваюць апошнія навіны як з тэлевізара, так і з рэальнага жыцця. У жыцці, праўда, навін менш, таму тэлевізару надаюць больш увагі.
Я добра памятаю гэта, бо і сама з такой вёскі. Праўда, у нас не было сваёй крамы, і хадзілі мы ў суседнюю вёску – таксама чыста пенсіянерскую. Што цікава, інфекцыю праводзінаў часу ў краме падхоплівалі нават дзеці – таксама ехалі ў краму да яе адкрыцця і летам бавіліся ля будынка да самага прыезду машыны з подпісам “Хлеб”. І ведалі, што дарослыя не будуць прыставаць з роспытамі, дзе быў і чаму быў так доўга, бо прывазны, ці хлебны дзень – гэта святое.
Вось толькі крам у неперспектыўных вёсках амаль не засталося. Іх усюды замяніла аўталаўка, якая, як і раней хлеб, прыязджае па раскладзе, вось толькі на вуліцы, асабліва зімой, доўга не праседзіш нават у кампаніі. Таму аўталаўка – гэта танна і сярдзіта для дзяржавы, гэта зручна для людзей, але ў той жа час гэта забойца пенсіянерскіх клубаў, якімі з’яўляліся крамы.
Івацэвіцкай вёсцы пашчасціла. Напэўна, таму што летам тут усё ажывае, і гандаль неяк адбівае ўтрыманне стацыянарнай крамы.
Але не важна чаму – важна, што шасці кійкам ёсць, дзе пастаяць разам.