Стужка навін і алкаголь
Нямала пазітыўных эмоцый прыносяць журналістам і іх чытачам п’яныя людзі. Яны даўно сталі пастаяннымі персанажамі анекдотаў, а час ад часу анекдатычныя сітуацыі ажываюць, выклікаючы роўна такія ж эмоцыі, як і выдуманыя. Вось, напрыклад, нядаўняя навіна апавядае пра берасцейца, што скочыў у раку з высокага чыгуначнага маста. Каб аўтар не ўдакладняў адразу ў загалоўку, што берасцеец той быў п’яны, чытачы палічылі б, што гаворка ідзе пра суіцыдніка ці хворага на галаву, і ў першым, і ў другім выпадку ім было б не да смеху. З п’янага ж не прынята пытаць шмат, герой анекдотаў – ён і ёсць герой анекдотаў.
Так што пераважна менавіта са смехам успрымаюцца такія загалоўкі, як: “П’яны жыхар Карэліч не заўважыў пажару ў сябе дома”, “У Гародні п’яны кіроўца знёс пятнаццаць метраў плота”, “П’яны жыхар прыехаў у ДАІ рэгістраваць машыну”, “П’яны кіроўца выправіўся праз палову Беларусі да палюбоўніцы. Міліцыя ледзь дагнала”. Смяюцца і з жартаўніка, што ў Гародні “замінаваў” начны клуб, і з купкі сабутэльнікаў, што заблакавалі ў пад’ездзе двух палітычных актывістаў. І тым больш рагочуць з п’янага пешахода, што заснуў прама на дарозе ці з п’янага кіроўца жыгулёў, што ўрэзаўся ў дзіцячую каляску з 40-гадовай жанчынай унутры.
А вось мне чамусьці не рагочацца. Не магу не ўлічваць, што кожны раз, калі адзін п’яны чалавек стварае вясёлую інфанагоду, пяцёра іншых ствараюць сумныя, часта нават трагічныя. “У Воршы п’яны інспектар ДПС збіў на зебры школьніцу”, “П’яны мужчына ў маршрутцы парэзаў твар жанчыне, сын якой не саступіў яму месца”, “П’яны жыхар Ганцавіч падчас спрэчкі прывязаў да газавага балона жонку і пагражаў ёй забойствам”. І яшчэ безліч загалоўкаў пра згвалтаванні, крадзяжы і побытавыя забойствы. І куды, здаецца, дзеўся той самы бяскрыўдны і вясёлы аматар прыгод, які і серанаду пад акном каханай праспявае, і, ікаючы ад перадозу, нарве ёй нарцысаў на суседчыным кветніку?
Вось з гэтай уяўнай бяскрыўднасцю і хаваецца нейкая праблема – дакладней, з яе ўспрыманнем. Грамадства ў цэлым не асуджае п’яных, акрамя хіба адпетых алкаголікаў. Калі ў таксоўку ледзь увальваецца запознены карпаратыўнік, астатнія пасажыры з іскрынкамі ў вачах пераглядваюцца, пачынаюць успамінаць уласныя прыгоды. Калі ў суседняй кватэры муж крычыць на дзяцей, іншая сям’я знаходзіць гэтаму апраўданне: Сярога перабраў сёння трохі. І нават у судах правапарушальнікі апраўдваюцца: не карайце мяне строга, я ж нецвярозы быў, не разумеў, што раблю. Пра гучныя размовы моладзі, як хто ўчора бухаў, увогуле прамаўчу – іх мы чуем штодня.
Атрымліваецца, што мы спачуваем п’яным, апраўдваем іх паводзіны і махаем пальцам “но-но-но” толькі, калі здарыцца нешта страшнае.
Як быццам няма сувязі паміж героем анекдота і героем навіны ў крымінальнай хроніцы.