Цярплівае пакаленне



Злавіла сябе на тым, што падчас вясковых экспедыцый найперш шукаю людзей, народжаных яшчэ да 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Нейкія яны адметныя, своеасаблівыя, а ўлічваючы, як актыўна яны цяпер адыходзяць у іншы свет, то кожная такая размова проста на вагу золата.

З імі заўсёды ёсць пра што пагаварыць як з прафесійнага, так і з побытавага гледзішча, калі абмінуць узроставы бар’ер і светапоглядны канфлікт, які заключаецца, у прыватнасці, у тым, як па-рознаму мы глядзім на будучыню сваёй краіны і на колькі яшчэ тэрмінаў хочам бачыць цяперашняга прэзідэнта.

Падумайце толькі, у якую складаную эпоху жыла генерацыя 20-30-х! Калі і не ваявала, то бачыла ўсе жахі вайны. На захадзе змяніла некалькі краін жыхарства: нарадзілася на “крэсах всходніх”, сталела ў Савецкім Саюзе, выйшла на пенсію ў нібыта незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Пасля вайны дзеці-заходнікі разам з бацькамі аплаквалі свінню і карову, якіх забіралі ў калгас, і разам з бацькамі хадзілі на поле зарабляць працадні, за якія ніхто пасля не плаціў. З юнацтва гэтыя людзі ўсвядомілі, што ёсць людзі благанадзейныя і неблаганадзейныя, і, каб у жыцці чагосьці дамагчыся, трэба хоць выглядаць благанадзейным. Хаця не абавязкова, каб чагосьці дамагчыся. Маёй бабулі, напрыклад, прыйшлося часова ўступіць у партыю, каб выпісаць будаўнічых матэрыялаў на хату. Па-іншаму ўдарніцы-свінарцы ўлада рабочых і сялян дапамагаць чамусьці не хацела.

Далей пакаленне 20-30-х зразумела, што пражыць, не ўкраўшы дзяржаўнае, немагчыма, бо дзяржава забрала ў чалавека ўсё, што здолела. “Усё вакол калгаснае, усё вакол маё” – любімы лозунг людзей, што не збеглі па нейкіх прычынах у горад. Заходняй Беларусі, зноў жа, пашчасціла крыху болей, бо Саветы патапталіся па спрадвечнай маралі менш па часе: красці навучылі, але не паспелі дашчэнту развучыць працаваць.

У час перабудовы сённяшнія бабулі і дзядулі своечасова зразумелі, што лепшая валюта – гэта гарэлка, і спрычыніліся да ўсеагульнага співання і спойвання. Страшна не любілі алкаголікаў, што не перашкаджала ім карыстацца паслугамі “вечна вясёлых, вечна п’яных”, бо і дамовіцца з такімі прасцей, і дастаць можна ўсё, чаго не знойдзеш у крамах. Але гэта асобны пункт – даставанне тавараў у час дэфіцытаў. Пакаленне 20-30-х хоць і пераставала ў 80-90-х выконваць важную эканамічную ролю, але ўсё ж у асабістым рэзюмэ мусіць зазначыць гэтую здольнасць – нешта купіць пры адсутнасці гэтага нечага. Трошкі пазней жыццёвага песімізму ім надалі банкаўскія зберажэнні, якія самым непрыгожым чынам расталі разам з краінай, да якой нашыя дзяды паспелі добра-такі прывыкнуць. І не толькі прывыкнуць, але і палюбіць, з дапамогай няспыннай савецкай прапаганды паверыўшы ў яе выключнасць і сваё ў ёй шчаслівае жыццё.

Не дзіўна, што цяпер гэтае пакаленне адчувае сябе добра. З матэрыяльным дабрабытам ўсё больш-менш улагодзілася, а свабоды слова і мірных сходаў яго прадстаўнікам і не трэба, бо яны ўвогуле не ўяўляюць, што ад маленькага чалавека нешта залежыць. Улада для іх існуе ў іншым вымярэнні, цалкам ад іх незалежная і непадкантрольная. Больш таго – боская, як яны ведаюць ад святароў і яшчэ ад сваіх бабак, якія жылі ў царскі час. Таму мілыя ўсмешлівыя бабулі шчыра думаюць, што за Лукашэнку не галасуюць толькі тыя, хто хоча вайны. Але гэта ўжо дзень сённяшні, пра які старыя гавораць з куды меншай ахвотай, чым пра мінулае. Гэтым і варта карыстацца, каб больш даведацца не толькі пра іх – пра саміх сябе з гістарычнай перспектывы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ