У школьнікаў амністыя
Паважаная мною знаёмая сёлета мае ў хаце выпускніцу-дачку. Ні дачка, ні маці, па-мойму, да канца не разумеюць свайго шчасця, бо пакуль яшчэ занадта хвалююцца з-за выпускных экзаменаў і іншай мітусні. Звычайна толькі на адлегласці становіцца відавочна, што момант развітання са школай і ёсць самы шчаслівы ва ўсёй біяграфіі школьніка.
Сённяшняя сістэма адукацыі не прыносіць карысці нікому. Бескарысная яна дзіцяці, бо там не вучаць прыслухоўвацца да сябе, шукаць сэнсы жыцця, ставіць мэты і дасягаць іх. Не вучаць быць шчаслівым і таленавітым.
Мучацца ў такой сістэме і “сузалежныя” – бацькі вучня. Чым яны разумнейшыя і інтэлігентнейшыя, тым менш спакойна могуць назіраць за ламаннем свайго дзіця ў выпраўленчай сістэме пад назвай “беларуская адукацыя”. Не знаходзяць тут сябе і таленавітыя, чуйныя настаўнікі, якія калі і засталіся ў школе, то на правах безгалосай меншасці.
Дзяржава не ўсведамляе, але нават ёй не патрэбна тая адукацыйная парадыгма, якую яна так дбайна стварае і ахоўвае ад вальнадумства і ўсякага рэфармавання. Бо гэта толькі ілюзія, што ад дурных, запалоханых і паслухмяных ёсць нейкі толк. Праўда ў тым, што карысць прыносяць толькі таленавітыя, смелыя і свабодныя. У нас ёсць свае джобсы, але ўжо са школы ім тлумачаць, што талент – гэта ерунда, галоўнае – адзнака ў атэстаце, а яе трэба заслугоўваць лаяльнасцю.
Утульна ў цяперашняй школе толькі зграям пасрэдных настаўнікаў, якія за свае комплексы адыгрываюцца на падапечных, і, канешне, таму сорту адміністратараў, якіх быццам падбіралі па крытэры няўмення выстройваць чалавечыя адносіны хоць з кімсьці. У выніку ўзровень бескультур’я сучаснай школы, садкоў і ўніверсітэтаў проста зашкальвае, і пра нейкі псіхалагічны камфорт ад прыбывання там гаворкі ісці не можа.
Вось і дачка маёй знаёмай у свае 17 год выразна ўсведамляе, што школа паламала яе дзяцінства, а цяпер яшчэ і працягвае гадзіць у душу на развітанне, каб лепей запомнілася. З той школай, пра якую так любяць распавядаць у рускіх рамантычных вершах як пра найлепшую пару жыцця, у дзяўчыны будзе асацыявацца апошні эпізод, калі настаўніца рускай мовы на сваім экзамене адпомсціла ёй за рашэнне на выпускным прачытаць верш па-беларуску. Адпомсціла, дэманстратыўна пасадзіўшы з самым слабым вучнем, ведаючы, што дзяўчына спадзявалася спрэчныя моманты падгледзець у суседа. Дробязь, канешне. Даросламу. А дзецям, нават 17-гадовым, такога для глыбокай раны дастаткова.
Але верш на выпускным дзяўчына прачытае ўсё роўна па-беларуску. Значыць, школа 11 год дарэмна старалася. Значыць, не ўсё згублена.