Віна, адваротна прапарцыйная ўчынку



Я дагэтуль вучуся ў аўташколе, і гэта дае багатую глебу для разважанняў і параўнанняў. Апошні раз інструктар крычаў на мяне за тое, што пачала рух па паласе, калі з пешаходнага пераходу яшчэ не сышлі да канца людзі. Машына павольна і прыгожа кацілася, таму я вырашыла не спыняць яе цалкам. Карацей, зрабіла так, як робяць амаль усе – не па правілах, але і без пагрозы бяспецы руху. Зразумела, што з пункту гледжання навучання зрабіла памылку, але за яе дастаткова было б заўвагі. З эмацыйнай рэплікі інструктара вынікала, што я так раблю ледзь не кожны раз, і мне стала крыўдна: маральнае пакаранне не адпавядала ступені парушэння, а гэта як за шпацыр міма пікету атрымаць 10 сутак за лаянку матам.

Інструктары крычаць амаль усе, мой яшчэ лайт варыянт. Кожнага навічка перад аўташколай настройваюць: “Толькі не звяртай увагі на крыкі інструктара!”, а мяняць шыла на мыла ў нас пакуль не вельмі прынята. Але рэч у тым, што ўсе гэтыя галашэнні за несвоечасова ўключаны светлавы паказальнік павароту, за недаезд на 30 см да стоп-лініі і – самае страшнае – наезд на разметку пры развароце адбываюцца на фоне таго, што аўташколы і самі парушаюць правілы. На сваім узроўні. Мая знаёмая ездзіла на машыне, дзе не працавалі “паваротнікі”, яшчэ адна знаёмая кіравала аўтамабілем з няспраўнымі шклоачышчальнікамі, я сама езджу са зламаным спідометрам, хаця такое аўто мусіць рухацца толькі да месцы стаянкі ці рамонту. Амаль кожны навучэнец возіць нейкіх людзей, у тым ліку даішнікаў, у той час як перавозка пасажыраў на вучэбным аўто катэгарычна забаронена. Усе падазраюць, што інстуртары зліваюць паліва і выводзяць няправільны расход (асабліва зручна са зламаным спідометрам), але маўчаць. Па-першае, паспрабуй дакажы, калі сам распісаўся пасля заняткаў, а па-другое, “яшчэ ж экзамен здаваць”.

Атрымліваецца, калі на нас за розныя дробязі пакрычаць ёсць каму, то на аўташколы за правіны ў большых маштабах – не асабліва. Не знаходзіцца ахвотных пакрычаць і на даішнікаў, што бяруць хабар на тых жа іспытах. Чым вышэй узровень і чым большая віна – тым менш маральных пакут мае адказны чалавек, бо не на яго крычаць, а ён сам крычыць на менш вінаватага.

Тое самае і ў дачыненні дзяцей-дарослых. Дарослыя п’юць, кураць, лаюцца, крадуць і проста псуюць адзін аднаму жыццё, але сварацца на дзяцей, якія пашкодзілі іх любімую непатрэбную рэч.

Дзіўна ўсё ж мы з вамі ўладкавалі свет.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ