Ёсць Бог на свеце
Гэтай фразай я адрэагавала на пераказаныя чуткі, што за скуралупа Пастухова, які здзекаваўся з жывёл, выкарыстоўваючы службовае становішча, “усё ж узяліся”. Гады звычайна выходзяць чыстымі з вады, але хацелася верыць у нейкую касмічную справядлівасць.
Для тых, хто не ў тэме, скажу: Сяргей Пастухоў – былы начальнік пункту адлова і ўтрымання бяздомных жывёл у берасцейскім “Камунальніку”. За доўгі час працы праславіўся маштабным адстрэлам сабак (у тым ліку гаспадарскіх), перапрадаваннем пародзістых сабак, нават калі ў іх знаходзіліся гаспадары, марэннем сабак голадам, адхіленнем усякай дапамогі з боку валанцёраў дзеля паляпшэння ўмоў утрымання бадзяжак, некантактнасцю ў пытаннях іх уладкавання і проста неапраўданай жорсткасцю як да жывёл, так і да людзей. Пры ўсім гэтым ніхто не адважваўся прыцягнуць нахабніка да адказнасці, у самых адважных не хапала доказаў, і скуралуп спакойна працягваў свае гнюсныя справы.
У апошнія тыдні сваёй працы Пастухоў не карміў сабак зусім. Тыя з яго работнікаў, што не маглі глядзець на галодныя смерці, цішком прасілі аб дапамозе валанцёраў. І гэтак жа цішком, выключна пасля рабочага дня, прымалі ў апошніх ежу для падкормкі сабак. Некалькі неабыякавых чалавек не вытрымалі і пайшлі па інстанцыях з мэтай чарговы раз прыцягнуць увагу да сітуацыі ў пункце адлова. Па чутках, нейкая камісія туды ўсё ж прыехала і абяцала рабочым, што ўчастак чакае рэарганізацыя. Спадзявацца, што Пастухову перападзе, аніяк не прыходзілася, паколькі ён выкручваўся і не з такіх сітуацый. Прынамсі, усе ранейшыя скаргі на яго спускаліся зверху яму ж, і ён цынічна даваў адказ пра тое, што ўсё добра.
І ўсё ж “за яго ўзяліся”. Нібыта. Калі гэта і няпраўда, то ўсё роўна ёсць месца для надзеі ў справядлівасць, пакуль факт не будзе абвергнуты часам. Калі ёсць на свеце Бог, то мусіць быць і справядлівасць.
Хаця, дарэчы, пра справядлівасць. Нядаўна вярнулася з Тамашоўкі, дзе гаварыла з пажылымі людзьмі. Калі яны казалі пра вайну, то абавязкова згадвалі Кірушу-партызана. Бандыта, які бессардэчна грабіў усё наваколле. Пасля вайны на яго пабаяліся данесці (пужаў зброяй і турмой), і Кіруша апынуўся героем з герояў. Усё жыццё хадзіў у начальніках і дажыў да 80 з гакам гадоў. Калі Кіруша памёр, яго хавалі з залпамі, ганаровым каравулам і прочая. Праўда, аднавяскоўцаў на пахаванні не было. Тамашоўскаму старшыні, распавяла адна бабулька, начальства загадвала адправіць дэлегацыю, але той рашуча адмовіўся – ён таксама ведаў пра Кірушу ўсё. Ды вось, пакуль яшчэ людзі памятаюць, што той партызан-герой з сябе ўяўляў, грош цана ўсім залпам і ўрачыстасцям, і справядлівасць нібыта пануе. А калісьці сведкаў не стане. Застанецца толькі помнік і запісы ў архівах пра мужнасць і адвагу Кірыла Бацькавіча.
Гэта таксама нейкі від справядлівасці, але спасцігнуць яго сваім слабенькім розумам я не магу. Хіба калі разглядаць як адплату людзям за слабасць перад мярзотнікамі і да мярзотнікаў.