На БТ працуюць хіпі
Кожны тыдзень я углядаюся ў тэлевізійны экран, у вобраз краіны, створаны БТ. Гэтым разам я шукала згадкі пра Аршанскую бітву, 500-годдзе якой адзначалася ў панядзелак. Палова тысячагоддзя – гэта вам не жартачкі, а выдатная для іх нагода. «Спасіба дзеду за пабеду» на трасянцы – добры спосаб патроліць суседзяў. Хай сабе яны і не чуюць, так нават лепш: нікому не крыўдна, а нам яшчэ і весела.
Але калі сур’ёзна, заўважны ж юбілей, пагадзіцеся. Толькі на БТ пра яго 8 верасня ніхто не ўспомніў. Чаму так? Мая версія: таму што на БТ працуюць хіпі.
Па-першае, у вочы кідаецца поўны пацыфізм. Не тое што ніякага гонару перамогай, не. На такія дробязі, як 500-годдзе нейкай там бітвы, ўвогуле не звярнулі ўвагі. Не ведаю толькі, куды знікаюць ўсе гэтыя пацыфісты 9 траўня ды 3 ліпеня. Можа, арганізавана ідуць ў адпачынак? Але ў верасні ўсе пацыфісты дакладна на працы, бо тэма Аршанскай бітвы іх не зацікавіла.
Затое зацікавіў рэйтынг лідаркі французскага «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн, якая абышла прэзідэнта Аланда. «На думку палітолагаў, цяперашняму ўраду ў Францыі неабходна змяніць тактыку сваіх дзеянняў, каб прадухіліць пагрозу прыходу правай партыі да ўлады». БТ нават не намякае, а наўпрост кажа, што нацыяналізм – гэта пагроза і небяспека. Якая ж тут можа быць Аршанская бітва? Тут яна зусім недарэчы.
Але адкуль я ўзяла, што на БТ працуюць менавіта хіпі, а не проста пацыфісты? Па сюжэтах бачна, што хаця яны супраць палітычнага нацыяналізму, усё ж захапляюцца этнафэстамі. Вось пра «Камяніцу», напрыклад, распавялі падрабязна. Паказалі вышыванкі, этнічныя сувеніры, урыўкі з выступаў фольк-рок-гуртоў. Цікаўнасць цалкам хіповая.
І галоўнае: памятаеце, як метафарычна называюць хіпі? Дзеці кветак. Дык вось, журналісты БТ зрабілі сюжэты пра парад кветак у горадзе Зюндэрце, што ў Галандыі, і пра Міжнародны дзень хрызантэм. Для каго яшчэ кветкі важнейшыя за вайсковую славу, як не для хіпі?
Шчыра спадзяюся, што хіповы стыль БТ будзе развівацца далей. Што ў хуткім часе мы ўбачым сапраўднае народнае тэлебачанне, дзе будзе шмат сэксу, наркотыкаў і канечне рок-н-ролу.