Надзея разбілася. Ніхто не выжыў
Кожны тыдзень я углядаюся ў тэлевізійны экран. Я шукаю там Беларусь, у якой хочацца жыць. Але гэтым разам галоўныя падзеі разгортваліся не ў Беларусі, а побач, зусім побач, жахліва побач.
«На тэрыторыі Украіны разбіўся малазійскі авіялайнер. На яго борце знаходзіліся 280 пасажыраў і 15 членаў экіпажа. Ніхто не выжыў. Лайнер ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. За 50 кіламетраў да ўваходжання ў паветраную прастору Расіі самалёт нечакана пачаў зніжацца. Ён упаў з вышыні 10 тысяч метраў».
Ён упаў побач. Але яшчэ бліжэй трагедыя для сем’яў тых, хто загінуў. Нешта дзіўнае робіцца з прасторай у нашым свеце. Яна выгінаецца і скажаецца, як у фантастычных фільмах. Яшчэ у маім дзяцінстве было як? Побач, значыць побач. Ты можаш дакрануцца, да цябе могуць прыйсці. А далёка – гэта далёка. Трэба ехаць, і сувязі слабыя.
Зараз усё не так. Вось глядзім ТВ: Ізраіль пачаў наземную аперацыю ў сектары Газа. І па дзіцячай звычцы здаецца, няма чаго хвалявацца. Гэта ж далёка. Гэта не можа закрануць. Увечары размаўляеш праз скайп з калегай па працы. Ён у Ізраілі, кажа «Толькі не палохайся, калі раптам завые сірэна. Я тады проста адключуся – і не таму, што у мяне ракета патрапіла, проста трэба будзе бегчы ў сховішча. Але я потым падключуся са сховішча, добра?» І раптам робіцца жудасна ад разумення, што чалавека, з якім ты зараз размаўляеш, могуць забіць на тваіх вачах. Забіць вельмі далёка і адначасова побач. І ты нічога не зможаш зрабіць, бо гэта ж так далёка, але не зможаш не плакаць і не хвалявацца, бо гэта ж на вачах, гэта побач.
Малазійскі боінг упаў побач з Беларуссю, ва Украіне. Але ані ўкраінцаў, ні беларусаў там не было. Сцягі прыспушчаны ў Амстэрдаме, паваліліся акцыі азіяцкай кампаніі. Ці можна лічыць, што нас не закранула? Не закранула фота дзяўчынкі з цацкай, зробленае перад вылетам? Канечне, закранула. Але гэта трагедыя – яшчэ адзін крок да пачатку трэцяй сусветнай. І калі яна пачнецца, закране ўсіх, нават тых, хто не сочыць за навінамі па рэлігійных перакананнях.
Я углядаюся ў тэлевізійны экран. Шукаю там вобраз Беларусі. У нас усё добра. «У Беларусі – ідэальнае надвор’е для ўборачнай кампаніі», паведамляе БТ. «Наша краіна заняла 58 месца ў рэйтынгу сацыяльнага развіцця». Усе навіны пра чорныя скрыні і афіцыйныя заявы, звязаныя з катастрофай, праходзяць пад рубрыкай «у свеце». То бок недзе там, далёка, адкуль не закране.
Але дзяцінства скончылася, і разам з ім – наіўная надзея, што далёкае не кранае і не уплывае. Няма больш веры ў Беларусь як выспу стабільнасці, на якой можна схавацца ад усіх праблем. Разбіўся вобраз, у чарговы раз ужо разбіўся. На гэтым тыдні ён разбіўся над Украінай, зусім побач.