Натура – дура. Трэба выпраўляць



Кожны тыдзень я ўглядаюся ў тэлевізійны экран. Я шукаю там Беларусь, у якой хочацца жыць. Бо павінна ж БТ намаляваць сваім гледачам прыгожы вобраз.

Дарэчы, пра прыгажосць. У студэнцкія гады была ў мяне сяброўка, яка скончыла мастацкую школу. Сядзіць яна аднойчы, малюе кветкі ў вазе. І ўсё малюе, як трэба, вельмі падобна і прыгожанька. Але заўважаю дзіўнае: адной кветкі на малюнку няма. У вазе ёсць, вось яна тырчыць, а на малюнку – няма. Зусім, як не было ніколі. Пытаюся, куды кветка падзелася. «Разумееш, – тлумачыць сяброўка, – мастак, які вучыў мяне маляваць заўсёды казаў «Натура – дура. Яе трэба выпраўляць». Тады атрымаецца мастацтва».

Калі глядзець на рэчы такім чынам, тады журналістыка – гэта рамяство, а вось прапаганда – ўжо мастацтва. Бо выпраўляе дуру натуру, каб атрымалася з аднаго боку падобна і пазнавальна, а з іншага – прыгожанька. І істотна ў такім мастацтве не толькі тое, што яно паказвае, а і тое, што хавае, пра што забываецца.

Вось распавядае БТ пра рэканструкцыю Лаўрышаўскага манастыра. Кажуць, адзін з самых старажытных на нашай зямлі. Кажуць, апора праваслаўя.

Прабачце, пытанечка: а дзе кветка? У сэнсе, дзе каталікі? Дзе шматлікія пратэстанцкія цэрквы? Дзе беларускія мусульмане? Я ўжо не кажу пра нас, грэшных атэістаў. Зразумела, што ўвесь гэты натоўп ніяк не ўмясціць у адзін сюжэт пра рэканструкцыю праваслаўнага манастыра. Але ж няма іншых сюжэтаў. Дакладней кажучы, амаль няма, бо пра каталікоў яшчэ ўзгадваюць часам. Але астатніх проста не існуе ў мастацкім свеце БТ. Складаную і разнастайную сістэму канфесій спрасцілі да самай прымітыўнай схемы. Бо так прыгожанька: калі ты беларус, дык абавязкова хрысціянін, праваслаўны. Не, ты кажаш не праваслаўны? Ну тады ты каталік. І размова скончана. І немагчыма спрачацца. Бо прапагандыст, ён жа мастак, а як з мастаком спрачацца? Ён так бачыць.

Але гэта не адзіная кветка, якая знікла з медыйнага малюнка. Не першы месяц эколагі пратэстуюць супраць будаўніцтва праваслаўнага храму ля возера Балдук у Пастаўскім раёне. Возера нашмат больш старажытнае за Лаўрышаўскі манастыр. Яго таксама трэба рэканструяваць, бо ўжо зараз экасістэма не вытрымлівае нагрузкі, звязанай з турыстамі. Калі храм будзе пабудаваны, і на возера будуць прыязджаць яшчэ больш людзей, Балдук як Балдук проста знікне. Складаная сістэма унікальнага возера спрасціцца да прымітыўнай лужыны. Але пратэсты эколагаў і незадаволенасць мясцовых жыхароў (якія, дарэчы, каталікі) не трапляе ў сюжэты БТ. Складаны краявід спрэчных пытанняў спрошчаны у нуль. Малюнак выпраўлены.

Мілан Кундэра у адным з сваіх эсэ піша, што галоўны прынцып Еўропы – максімальная разнастайнасць на мінімальнай прасторы, а галоўны прынцып Расіі адваротны, мінімальная разнастайнасць на максімальнай прасторы. І гэтыя прынцыпы канфліктуюць, змагаюцца адзін з адным, як дабро са злом у адвечнай бітве. І на чыім баку тут б’ецца БТ ужо зразумела.

Можна сказаць, што Кундэра таксама спрашчае, што ён таксама прапагандыст. Але з ім немагчыма спрачацца, бо ён мастак. Ён так бачыць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ