Страшней за эболу
Кожны тыдзень я ўглядаюся ў тэлевізійны экран. Шукаю там Беларусь, у якой хочацца жыць.
Але галоўны месідж БТ мне ўжо даўно вядомы: у нас усё стабільна. Гэта недзе там падаюць самалёты, адбываюцца маршы пратэсту, ляцяць ракеты, а мы – мы між тым паспяхова збіраем збожжа. Мы ж мірныя людзі.
Пры гэтым не так шмат можна зразумець пра сучасны свет, калі глядзець толькі БТ. Вайна, дарэчы, ідзе не недзе там, а паміж краінамі-суседкамі. Можна спрачацца, ці яна выключна інфармацыйная, ці не толькі, наколькі яна халодная ці гарачая, але вайна ідзе. І БТ пра яе амаль не распавядае, абараняе псіхіку нашых грамадзян. Тым больш складана будзе абароненым грамадзянам зразумець, што адбываецца, калі Беларусь усё ж уцягнуць у гэтую вайну.
А каб зразумець, што адбываецца, трэба глядзець украінскія і расейскія каналы. Асабліва мяне цікавяць расейскія. Падаецца, што ў іх можна знайсці разгадку: чаму так шмат людей у Расеі сёння супраць былых братоў? Чаму яны падтрымліваюць прэзыдэнта, які пазбаўляе іх ад рэшткаў дэмакратыі? Чаму яны не звяртаюць увагі на свае ўнутраныя праблемы, але ўсе як адзін сталі экспертамі па Украіне? І на гэтым тыдні я час ад часу ўключала расейскае ТБ.
Памятаю, аднойчы ў жыцці здавала іспыт па гісторыі педагогікі. Адны з нешматлікіх іспытаў, перад якім прачытала ўвесь падручнік. Таму што ён быў вельмі смешны. Стары, савецкі, з фразамі „вось такі мысляр разглядае праблему ікс і прыходзіць да няправільнай высновы пра тое, што”. Вось гэтыя „няправільныя высновы” і іншыя катэгарычныя ацэначныя рытарычныя звароты мяне захаплялі. Яны былі закліканы выратаваць галаву чытача ад буржуазнай інтэлектуальнай заразы. І заадно ставілі трывалы бар’ер самастойнаму мысленню.
Я гэта чаму ўспомніла…
Уключыла расейскія навіны. А там усе тыя ж звароты. Гэтыя рабяты нават не імітуюць нейтральнасць, даюць строга пазіцыю аднаго боку, з яснымі ўказаннямі, як след думаць. І пра што след думаць. Бо пра праблемы саміх расейцаў не ўзгадваюць. Праблемы ёсць толькі ва Украіне.
Вось і адказ не ўсе пытанні пра быццам бы савецкі менталітэт расейцаў. Як казаў вядомы прафесар «Не чытайце савецкіх падручнікаў…» А не, ён казаў пра газеты. Слухайце, лепш нічога савецкага не чытайце, і не слухайце. Бо яны распаўсюджваюць хваробы мозгу, а гэта страшней за эболу. Ад вірусу эболы ты памрэш, а без мозгу прыйдзеццанеякжыць. Тады, калі я рыхтавалася да іспыту па гісторыі педагогікі, падручнік здаваўся смешным, таму што гэта ж мінулае, даўно і няпраўда. Сёння больш не смешна