Заўзятары сацспаборніцтва
Кожны тыдзень я ўглядаюся ў тэлевізійны экран. Я шукаю там Беларусь, у якой хочацца жыць. Усё чакаю, калі БТ мяне спакусіць, і я закахаюся ў сваю краіну нанова.
Але ўсё не атрымліваецца, і падаецца, гэта таму, што звяртаюцца яны не да мяне. Зусім не да мяне. Вось, напрыклад, навіны:
«Мінская вобласць па намалотах сёння першая ў краіне, сабрана больш за 820 тысяч тон збожжа», «Уборачная кампанія ў Віцебскай вобласці мае цяжкасці з-за негатовасці тэхнікі і недахопу паліва», «Пераадолены чарговы рубеж уборачнай – чатыры мільёны тон». А яшчэ, аказваецца, «Прэзідэнт пракантраляваў ход уборачнай кампаніі і нават агучыў формулу багатага ўраджаю: строгае выкананне тэхналогій, эфектыўная арганізацыя працы плюс, як кажуць, каб надвор’е не падвяло».
Для каго гэтыя навіны? Хто ў захапленні лічыць мільёны тон, хвалюецца, як там з палівам на Віцебшчыне? Я да іх не належу, і нават такіх не ведаю. Цалкам можа быць, гэта нейкае закадзіраванае пасланне для сваіх. Але хто яны?
Не офісны планктон, не тыя, хто шукае па барах і рэстаранах Менска адмысловы бургер для веганаў. Клопаты пра збожжа могуць закрануць таго, хто перажывае за свой уласны ўраджай, бо бульба са свайго агарода для яго – істотная падмога ў бюджэт. То бок першая рыса чалавека, да якога звяртаецца БТ – ён зусім небагаты і працуе на зямлі не для забавы, а каб жыць.
Але рэч жа не толькі ў тым, што сабралі збожжа. ТБ паказвае ўсё як спаборніцтва: Менская вобласць – столькі тон, Гарадзенская – столькі. Хто больш, хто раней? Я сляджу няўважліва, але здаецца, што інтрыгі ў спаборніцтве няма. Кожны год перамагаюць тыя самыя, кожны год раней усё збіраюць там, дзе яно раней паспела – на поўдні. Усур’ёз сачыць за падзеямі як за спаборніцтвам сэнсу няма. Навошта тады? Але ж гэта нагадвае «сацыялістычнае спаборніцтва» савецкіх часоў. І вось нагадаць – гэта ўжо мае сэнс. Нагадаць, што мы па-ранейшаму савецкія са знакам якасці, што руская мова застанецца разам са сцягам БССР, але галоўнае – што ніхто не дасць разбурыць калгасы, стратныя дзяржпрадпрыемствы, ніхто не дапусціць тут дзікага капіталізму, да якога трэба прыстасоўвацца, канкурыраваць, нешта вынаходзіць, прымаць нязвыклыя рашэнні. Усе застанецца, як ёсць, і ніякай пагрозы звыкламу ладу жыцця не існуе – вось пра што кажа дыктар, калі гаворыць пра мільёны тон. То бок другая рыса чалавека, да якога звяртаецца БТ – ён не хоча, каб разбураўся СССР, і працягвае у ім жыць. І хацеў бы спакойна ў ім памерці. І вельмі просіць не чапаць.
А яшчэ ён лічыць, што калі прэзідэнт усё асабіста кантралюе – гэта добра, а калі тэхніка не гатовая – гэта дрэнна. Чалавек любіць парадак, каб усё было пад кантролем, ішло па плану, надзейна, без эксцэсаў. І ужо напэўна ён не давярае ўсялякім крэатыўным спантанным авантурыстам.
Нават прывабны атрымліваецца вобраз. Такі стэрэатыпна-нямецкі селянін, сціплы, працавіты, кансерватыўны. Ён паважае ўладу ды парадак. Ён трывала стаіць на зямлі, а зямля трымаецца на ім.
Адзіная праблема – гэта не я. І шмат хто яшчэ ў Беларусі не патрапляе ў такі вобраз. І БТ да нас не звяртаецца, не імкнецца нас спакусіць. Таму пайду я пачытаю ў інтэрнэце, дзе ўсё ж такі знайсці ў горадзе той бургер для веганаў.