А ці быў хлопчык?



“А можа быць хлопчыка і не было?” Топ-тэма гэтага тыдня – магчымы інсульт у кіраўніка краіны. Пра гэта размаўлялі і анлайн, і афлайн. Хтосьці рыхтаваў папкорн, хтосьці чакаў увесь дзень “Лебядзінае возера” па тэлевізары. А хтосьці спаборнічаў у выказваннях, што насамрэч адбылося і ці сапраўды быў інсульт.

“Аляксандр Грыгоравіч, вас тут Пуцін у Сочы завець”. – “Скажыце яму, што меня нет. Хаця не, скажыце лучше, шо забалел”. Такі жарт цыркуляваў сярод інтэрнэт-карыстальнікаў пасля таго, як на адным з анлайн-рэсурсаў з’явілася інфармацыя, што кіраўнік Беларусі перанёс інсульт. Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант на гэты конт заявіла, што ўсё гэта трызненне. Трызненне – гэта, канешне, выдатны аргумент. Цяпер на ўсё можна адказваць у стылі – “гэта трызненне”. Трызненне – гэта акурат той аргумент, пасля якога пачынаеш верыць, што не меў рацыі. Нейкі чыноўнік узяў хабар? – Гэта трызненне. І ўсе пытанні адразу здымаюцца: не браў хабар. Перавысілі на выбарах колькасць тых, хто прагаласаваў? – Гэта трызненне. І ўсе адразу паверылі: палічылі ўсё правільна.

Аднак наш народ на аргумент “трызненне” не паверыў. Больш за тое, наш народ, які прызвычаіўся бачыць кіраўніка краіны паўсюль, захваляваўся. Бо таго не было ні на адкыцці Чэмпіянату свету па верталётным спорце, ні на адкрыцці абласной дзіцячай бальніцы. Ай-яй-яй, што цяпер рабіць. Бо без яго ж ні верталёты правільна не лётаюць, ні бальніцы нармальна не функцыянуюць.

Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі выказалі здагадку, а, можа, самі-ведаеце-хто ўжо ў лепшым свеце. Некаторыя нават узгадалі гісторы з Уга Чавесам, якога яшчэ некалькі тыдняў пася смерці паказвалі па тэлевізары, даказваючы ўсім, што жывы. У любым разе, самі-ведаеце-каму давядзецца не ў адзін хакейны турнір сыграць, каб усе паверылі, што ён не памёр.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ