Абаронцы айчыны на лыжах



Насельніцтва Беларусі падзялілася (тут нават да Лідзіі Ярмошынай можна не хадзіць): на тых, хто святкуе 23 лютага, і тых, хто не святкуе. Тыя, хто не адзначае, даўно знайшлі сабе нармальныя еўрапейскія святы. Ды і ў беларускім календары іх хапае. Вунь гуканне вясны на носе. Лепей птушак зваць, чым савецкія танкі.

Аргументы тых, хто працягвае святкаваць 23-га лютага, прыкладна такія: раней святкавалі і цяпер святкуем, а што там было ў той дзень, нас не хвалюе. Затое крамы ў гэты дзень змаглі прадаць тое, што засталося з Новага года і Дня закаханых. Галоўнае, трэба было агарнуць усё гэта ў колер хакі.

А беларускія чыноўнікі адзначылі савецкі дзень абаронца айчыны лыжнёй. У менскім мікрараёне Вяснянка адбыліся спаборніцтвы па біятлоне і лыжных гонках, дзе паўдзельнічалі не толькі прафесіяналы. Так бы сказаць, чыноўнікі спалучылі два ў адным. Паказалі нязменнасць палітычнага курсу (а што яшчэ чакаць ад уладаў, якія дагэтуль святкуюць дзень кастрычніцкай рэвалюцыі). І ў дадатак паказалі сваю лаяльнасць. Вось сказаў галоўны лыжнік усім бегаць на лыжах, яны і пабеглі. Разам з кіраўнічкай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. “За спорт, за здаровы лад жыцця, за добры настрой, за свята”, – сказала чыноўніца. Добра, што яшчэ не за Сталіна. А ўвогуле, уявіце, калі б начальнік Наталлі Качанавай мастацкай гімастыкай захапляўся. Тады б ёй давялося на свята абаронца айчыны ў купальніку на шпагат садзіцца. Так што, лыжы – гэта яшчэ не самы горшы варыянт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ