Апошняе папярэджанне



А вы даказалі, што не дармаед? Калі не, то маеце яшчэ цэлы месяц. Жыроўкі па спецыяльных завышаных тарыфах для дармаедаў прыйдуць не ў лютым, а ў сакавіку. То бок за гэты час незанятыя ў эканоміцы людзі могуць даказаць, што яны не дармаеды. І калі ўжо за гэты месяц дармаеды гэтага не зробяць, то ім мала не падасца. Вось тады яны адчуюць усю моц новых “жыровак”. Проста падарунак з барскага пляча. Гэта ж цэлы месяц дармаеды могуць не плаціць па завышаных тарыфах. Галоўнае толькі, каб не было, як у тым апошнім кітайскім папярэджанні.

У 1950-1960-х гг. падчас Тайваньскага крызісу ўзнік выраз “апошняе кітайскае папярэджанне”. Тады канфлікт узнік паміж Кітаем і ЗША. І апошнія даволі часта парушалі паветраную і водную прасторы. У адказ Кітай дасылаў папярэджанні. Прычым вельмі шмат папярэджанняў. 643 кітайскія папярэджанні. 917 кітайскіх папярэджанняў. Але далей за гэта Кітай не ішоў. На гэтым усе дзеянні Паднябёснай абараніць сваю прастору заканчваліся. Затое з’явіўся выраз “апошняе кітайскае папярэджанне”.

Беларускія ўлады пайшлі проста на беспрэцэдэнтны крок. Уяўляеце, яны дазволілі людзям яшчэ цэлы месяц даказваць, што яны не дармаеды. Пакуль што людзей, не занятых у эканоміцы, толькі папярэдзяць пра гэта ў жыроўках. А вось налічаць па поўным тарыфе не будуць. І толькі калі дармаед не зможа даказаць, што ён не дармаед, то тады яму падлічаць па поўнай і за студзень, і за люты. У 2017-ым годзе беларусы выйшлі пратэставаць супраць дэкрэта аб дармаедах. Можа быць, улады проста баяцца паўтарэння тых падзеяў? Таму і пераносяць налічэнні за камуналку па поўнай на цэлы месяц. У дабрыню беларускіх уладаў неяк мала верыцца. Цікава, ці давядзецца дармаедам аплачваць у сакавіку па поўнай? Альбо зноў спецжыроўкі для дармаедаў перанясуць яшчэ на мясяц. І будзе тады апошняе чыноўніцкае папярэджанне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ