Авіябазы ў абмен на папайю



Чаго не зробіш дзеля захавання ўлады. Вунь, у гісторыі, нават уласную душу д’яблу прадаюць дзеля ўлады. А тут, усяго толькі чужую авіябазу размясціць ва ўласнай краіне.

У бліжэйшы час можа быць падпісаная дамова аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Па беларускім ТВ ужо пачалі падрыхтоўку мазгоў электарату для гэтай падзеі. Маўляў, трэба дапамагаць саюзнікам. Сапраўды, трэба. Асабліва, калі беларускі рубель і заробкі падаюць, а незадавальненне і цэны наадварот растуць. А выбары — на носе. Ды і пасля выбараў трэба неяк застацца ля стырна. Сезон лецішчаў скончыцца, а таму людзі ўзгадаюць пра свае страўнікі. І калі іх не накарміць, дык такое можа пачацца… Таму, падпісанне пагаднення аб расейскіх авіябазах у Беларусі, — гэта пытанне часу і грошай. І пляваць, што навісае пагроза над незалежнасцю краіны. Затое, захаваецца ўлада.

Ну, а пад шумок, можна яшчэ і шмат чаго выгандляваць. Напрыклад, пастаўкі беларускай папаі і цытрусавых у Расею. Нядаўна Рассяльгаснагляд абсалютна справядліва пацікавіўся ў Беларусі паходжаннем некаторай садавіны і гародніны. У прыватнасці, папайі, кавуноў, чарэшні, цытрусавых, салаты латук. Сапраўды, адкуль у Беларусі папая, якую большасць беларусаў у вочы ніколі не бачылі, не тое, што елі. Але за авіябазу Рассяльгаснагляд заплюшчыць вочы на хітрыя схемы, калі беларускія ўлады выдаюць замежную прадукцыю за сваю ў абыход санкцыяў. Ды за расейскія авіябазы ў Беларусі расейцы не тое, што беларускую папаю будуць набываць, але і беларускіх кальмараў з прашута. Праўда, тое, што для Беларусі расейскія авіябазы — крок да страты незалежнасці, беларускія ўлады хвалюе мала. Пытанні перспектываў іх хвалююць мала. Пасля іх — хоць патоп.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ