“Беларусізацыя” ад уладаў



Бог няроўна дзеліць, – пісаў класік. Няроўна дзеліць не толькі бог, але і мясцовыя ўлады. У Гомелі нарэшце дачакаліся фільма на беларускай мове. Мясцовы “Кінавідэапракат” выдзеліў дзеля гэтага цэлыя два кінатэатры. “Ого, як шмат. Які лаяльны да ўсяго беларускага “Кінавідэапракат” у Гомелі”, – падумаеце вы. Ага, калі не лічыць, што знаходзяцца гэтыя кінатэатры, як той казаў, проці ліха на ўзгорку, дзе пень на калоду брэша. Пакуль да іх даедзеш – замёрзнеш. Карацей, дабрацца да гэтых кінатэатраў – задача толькі для самых загартаваных аматараў беларушчыны.

І час “Кінавідэапракат” прапанаваў вельмі ўдалы. 12.00 і 16.00. Вы толькі падумайце, разгар працоўнага і вучэбнага дня. І ў гэты момант адбываецца паказ беларускамоўнай стужкі “Шторм”. Можа быць, у “Кінавідэапракаце” думаюць, што аматары беларускай мовы ўсе беспрацоўныя і ім усё роўна, калі глядзець фільм. Ці ў “Кінавідэапракаце” думаюць, што працадаўцы ды дэканы факультэтаў будуць адпускаць працаўнікоў і студэнтаў проста так, толькі калі даведаюцца, што яны ідуць на беларускамоўную стужку. Акцыя: схадзі на стужку і атрымай адгул. На жаль, гэтага няма. І з такім падыходам да часу і месца правядзення паўстаюць пытанні наконт стаўлення “Гомельвідэапраката” да беларускай мовы. Тым болей, чамусьці для тыдня рускага кіно прадаставілі і цэнтральны кінатэатр, і зручны вечаровы час 19.00.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ