Беларускае войска швейкаў



У Славаміра Мрожака ёсць сатырычнае апавяданне “Эканомія”, у якім распавядаецца, як аднойчы прыйшло распараджэнне аб эканоміі. Дырэктар дзеля гэтага загадаў адно крэсла прыбраць і сказаў, што будзе сядзець на адным крэсле з сакратаркай. Іншыя супрацоўнікі вырашылі зэканоміць тым, што звольнілі кур’ера, а на ягонае месца ўзялі аднаногага. Аднак паколькі мучыць аднаногага нікому не хацелася, то даводзілася супрацоўнікам самім выходзіць, калі трэба было нешта пераслаць. Сітуацыя ў сучасным беларускім войску хутка пачне нагадваць мрожакаўскае апавяданне “Эканомія”. Толькі ў нас не дзеля эканоміі, а дзеля таго, што камусьці падалося, што мала прызыўнікоў стала. Вось і гавораць некаторыя, што плоскаступнёвасць – гэта надуманая прычына, каб не браць у войска. Калі з плоскаступнёвасцю вырашаць прызываць, то беларускае войска будзе складацца з касалапых прызыўнікоў з ненатуральнай хадой і паставай. Бо менавіта такія ўскладненні назіраюцца пры плоскаступнёвасці.

Прызыўнікоў стала меней, бо колькасць беларусаў зменшылася. І ўвогуле, беларускае войска даўно варта рэфармаваць, вопратку рабіць стылёвай, пазбаўляцца ад дзедаўшчыны. У рэшце рэшт зрабіць войска сапраўды беларускім з беларускімі камандамі, а не тое, што мы маем цяпер. І ад таго, што будуць прызываць маладзёнаў з плоскаступнёвасцю, дакладна войска не палепшыць. Хаця, калі далей пойдзе у тым накірунку, што і цяпер, то хутка ў беларускае войска будуць браць нават мерцвякоў. Ну, а што: смерць – гэта не прычына, каб не браць у войска.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ