Бясплатная карная медыцына



Увага! Міліцыя шукае. Што праўда, міліцыя заўжды кагосьці шукае. Асабліва розных злодзеяў ці злачынцаў. Аднак гэтым разам праваахоўныя ворганы шукаюць жанчыну на 9-м месяцы. Не, будучая парадзіха нічога не здзейсніла супрацьзаконнага: нічога не скрала, нікога не забіла. Жанчына ўсяго толькі ўцякла з гарадзенскай радзільні. І праз гэта яе цяпер шукае міліцыя. Вы ўдумайцеся толькі: на момант сыходу з радзільні жанчына не зрабіла ніякіх супрацьпраўных учынкаў. Падушкі і ложкі знаходзіліся на сваім месцы. Але міліцыя яе ўсё роўна шукае, бо цяжарная самавольна сышла з медустановы. Такое адчуванне, што гаворка ідзе пра рабаўнічку Боні Паркер, якая збегла з гарадзенскай радзільні ў пошуках Клайда Бэрроў.

Як паведамляецца на старонцы Укантакце УУС Гарадзенскага аблвыканкама, жанчына на дзявятым месяцы цяжарнасці самавольна сышла з радзільні а 4 раніцы. У каментарах  пад паведамленнем адразу з’явіўся каментар інтэрнаўта, што нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо, цытуем: „калі мы там ляжалі, было жаданне зрабіць тое ж самае”. Відаць, у Беларусі такая добрая бясплатная медыцына, што з радзільняў парадзіхі збягаюць ці хочуць збегчы. Напэўна, не могуць вынесці нашай беларускай якаснай медыцыны.

А ўвогуле большасць беларускіх радзільняў сапраўды нагадваюць турму ці казарму. Сваякоў туды не пускаюць, жанчыны знаходзяцца пад замком. Перадачкі перадаюць праз вокны з кратамі. Як кажуць некаторыя інтэрнаўты, каб выпісацца, даводзілася абяцаць лекарам хабар. Цікава, а ўцякачку ў радзільню будуць у кайданках вяртаць?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ