Чорны дзень календара



Увесь час усё на планеце эвалюцыянуе. Усё імкнецца да лепшага. І толькі беларусы імкнуцца да горшага. Праўда, уяўляючы, што гэта лепшае. Вось Савецкі Саюз, што пра яго добрага можна ўзгадаць? Мэблю набывалі па блаце. Вопратку – таксама па блаце. Апельсіны і бананы былі толькі для абраных. А дадайце сюды адпраўдку савецкай моладзі на бойню у Афганістан. Чарнобыль, пра які нікому не сказалі, а наадварот адправілі людзей на першамайскую дэманстрацыю пад радыяцыйнае сонца. Адсутнасць свабодаў і права іншым нацыям на самавызначэнне. Рэпрэсіі. І вось вам карціна Савецкага Саюзу. Але ж не, беларусы, нібыты тыя матылі на свет, працягваюць шчыра верыць, што ў СССР быў рай.

А таму настальгуюць па тых часах, як па першым каханні. І самае галоўнае, чым болей настальгуюць, тым болей ружовымі выглядаюць для іх савецкія часы. І смятана, аказваецца, тады была больш густой. Хаця насамрэч прадавалася нясмачная парашковая субстанцыя, якая называлася смятанай. І мультфільмы былі лепей. Хаця, той жа “Ну, пагадзі” – гэта копія “Тома і Джэры”. І самае галоўнае, людзі былі больш добрымі. Сапраўды, такімі добрымі былі, што пісалі адзін на аднаго ананімкі, за якія ў 1937 годзе цэлымі сем’ямі расстрэльвалі ці адапраўлялі ў ГУЛАГі. Як гэта дагэтуль не кажуць, што ў Савецкім Саюзе сонца лепей свяціла!

Ну, няхай бы была настальгія. Няхай робяць, што хочуць, абы нас не чапалі. Дык не. Ім жа трэба ж, каб паўсюль наступіў савок. Вось 20 гадоў таму беларусы і прагаласавалі на рэферэндуме з марай пра Савецкі Саюз. Больш за 80% прагаласавала за наданне рускай мове статусу дзяржаўнай і далейшую інтэграцыю з Расеяй. І больш за 70% прагаласавалі за новыя герб і дзяржаўныя сімвалі Беларусі. З тых часоў значнасць беларускай мовы ўпала ніжэй за плінтус. А мы поўнай хадой ідзем у абдымкі чарговай імперыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ