Дамастрой для беларускіх ветэрынараў



“Як бы”, “тыпу”, “блін” – калі ў вашай гаворцы існуюць такія словы, то вам не месца ў Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Менавіта гэтыя словы забаронена ўжываць “Правіламі ўнутранага распарадку навучэнцаў” на тэрыторыі акадэміі і ў інтэрнаце. Акрамя таго, будучым ветэрынарам нельга доўга цалавацца і абдымацца. А таксама на тэрыторыі Акадэміі, у памяшканнях і інтэрнатах трэба вытрымліваць дзелавы стыль вопраткі. Таму захацелі сабе яечні падсмажыць на кухні інтэрната – калі ласка, надзеньце піджак і гальштук. І не дай бог вам пайсці ў душ у чымсьці, што адкрывае ногі выйшэй каленяў больш чым на 10 см. За гэта можа быць вымова. А можа нават і адлічэнне.

Калі я ўпершыню прачытала пра ўнутраныя правілы Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, то падумала, што гэта чыйсьці сцёб. Аднак на сайце ўстановы сапраўды маецца дакумент пад назвай “Правілы ўнутранага распарадку навучэнцаў”, узгоднены прафсаюзным камітэтам студэнтаў і зацверджаны рэктарам. Ну, ладна, прафсаюзны камітэт студэнтаў. Ведаючы ўзровень дзяржаўных прафсаюзаў, ад іх можна ўсяго чакаць. Але рэктар! Як можна было падпісаць дакумент, які рэгламентуе на ўзроўні ўсёй акадэміі, каму першаму падаваць руку пры вітанні, пра тое, што на занятках нельга жаваць жвачку і што пры размове са старэйшымі нельга трымаць рукі ў кішэнях. У “Правілах унутранага распарадку” Віцебскай акадэміі яшчэ б, як у тым “Дамастроі”, прынялі б патрабаванні, што пры ўваходзе ў памяшканне трэба высмаркаць нос, брудныя ногі выцерці, а ў гасцях забараняецца калупаць у носе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ