Інтэграцыйная бурбалка



Стаўленне Масквы да постсавецкіх дзяржаваў болей нагадвае паводзіны аўтарытарных бацькоў да сваіх дзяцей, чым стасункі паўнавартасных суб’ектаў.

Вось не могуць яны ўсё паверыць, што Савецкага Саюза даўно няма. І іншыя дзяржавы хочуць жыць асобна. У 1969 годзе псіхолаг Элізабет Кюблер-Рос апісала пяць этапаў прыняцця гора: адмова, гнеў, перамовы, дэпрэсія, прыняцце. 28 гадоў прайшло, як распаўся Савецкі Саюз, а афіцыйная Масква ўсё захрасла на першым этапе: адмаўленні. Прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў на днях, што Менску трэба цаніць тую падтрымку ў мільярды даляраў, якую аказвала Масква. Маўляў, гэтыя грошы вымаюцца з эканомікі Расеі і гэта трэба шанаваць. Беларускі народ такое папіканне ўспрыняў так, нібыта яго ў дармаедстве абвінавацілі. А як вядома, калі беларуса абвінавачваюць у дармаедстве, то ён вельмі крыўдзіцца. І ўвогуле, як палічылі прагматычныя беларусы: грошы давалі ў пазыку, якую Беларусь аддае з працэнтамі. А што да нафты і газу, то гэта ўсё ў межах Мытнага саюза. Таму якія прэтэнзіі? Не падабаецца, то мы пойдзем у іншы саюз. Толькі ад былога Савецкага Саюза тады Расеі застанецца адна Расея. І тады ўжо ў перадвыбарчы перыяд нельга будзе казаць ні пра аднаўленне славянскага адзінства, ні пра вяртанне “страчанай велічы”. Карацей, уся інфармацыйная праца пойдзе ў глум.

А ўвогуле ёсць меркаванне, што расейскія санкцыі – гэта не так ужо і кепска. У некаторых выпадках нават на карысць ідзе, як, напрыклад, у сітуацыі з грузінскім вінаробствам. Забараніла Масква грузінскае віно, тамтэйшыя вінаробы палепшылі якасць прадукцыі і ўпэўнена выйшлі на еўрапейскія рынкі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ