Каб пакінулі медыкаў і настаўнікаў у спакоі



На Каляды прынята штосьці жадаць. У першую чаргу дабра. А мне б хацелася пажадаць, каб беларускіх медыкаў і настаўнікаў нарэшце перасталі нагружаць не іхняй працай. Вядома тое, што класныя кіраўнікі замест арганізацыі выхаваўчага працэсу вымушаныя займацца зборам макулатуры, наведваннямі навучэнцаў, праверкай лядоўняў у іхніх дамах, праверкай пажарных апавяшчальнікаў і адсочваннем харчавання дзяцей у школах. Прыкладна такія ж, не ўласцівыя для прафесіі абавязкі, мусяць выконваць і медыкі.

Чым далей у лес, тым болей дроваў. Чым болей гадоў праходзіць, тым усё болей глупую працу, не звязаную з медыцынай, вымушаюць выконваць беларускіх медыкаў у паліклініках. Напрыклад, трэба распавядаць для анкеты, складзеныя нейкім чыноўнікам, ці маюцца рамяні бяспекі на пеленальным століку і якога колеру ванначка. А яшчэ медыкі запісваюць дату выдачы пашпартоў. І ведаеце для чаго? Каб з паліклінікі нам нагадалі, калі трэба пашпарты памяняць. Калі так далей пойдзе, дык медыкаў абавяжуць апавяшчаць людзей, што наступіла лета і прыспеў час узуваць лёгкі абутак.

Менавіта медыкі цяпер ходзяць па кватэрах, каб паглядзець, у якіх умовах жывуць сем’і, што чакаюць дзіця. Прычым з жаночай кансультацыі могуць прыйсці, калі жанчына яшчэ на дванаццатым тыдні цяжарнасці. Яшчэ не вядомы пол дзіцяці, а медыкі ўжо цікавяцца, ці трэба рабіць рамонт. На Каляды вельмі хацелася пажадаць, каб улады пакінулі медыкаў і настаўнікаў у спакоі. І далі настаўнікам займацца педагогікай, а медыкам – медыцынай. А калі чыноўнікам няма чым заняцца, то няхай самі ходзяць па кватэрах, збіраюць макулатуру і высвятляюць, якога колеру ванначка для купання немаўляці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ