Канец любові



Лодка любові разбілася. Але вінаваты ў гэтым не побыт, а каронавірус. Расея закрыла межы. Афіцыйны Менск у адказ пакрыўдзіўся. А Крэмль у сваю чаргу абвінаваціў Беларусь у непрыняцці належных мер у сувязі з пандэміяй. Проста як у тым дзіцячым вершыку: «Ты мне больше не дружок і не пісай в мой горшок». Хаця ў свеце апошніх падзей – вельмі карысная парада.

Усе краіны, якія мяжуюць з Беларуссю закрылі свае межы. Апошняй стала Расея. Як заявіў саміведаецехто, «родная Расея закрыла мяжу». Прычым закрыла не на адзін дзень. Расея закрыла мяжу для замежнікаў ажно да 1 траўня. І беларусы ў дадзеным выпадку – не выключэнне. Як жартуюць інтэрнэт-карыстальнікі, «нават каронавірус супраць інтэграцыі». Затое Беларусь, нават без увядзення каранцінных мер, апынулася ў ізаляцыі. Нашыя межы, канешне, для ўсіх адкрытыя, але вакол нас усе краіны межы закрылі.

Беларусь і Расею пасварыла нават не нафта. Хто б мог падумаць! Нават чорнае золата не вымусіла Расею закрыць мяжу з Беларуссю. А праз каронавірус, хіба не ўпершыню за сучасную гісторыю, мяжа з усходняй суседкай закрылася. І не проста закрылася. Цяпер кіраўнікі Расеі і Беларусі мяняюцца абвінавачваннямі, у каго горш сітуацыя і хто горш рэагуе на выклік каронавірусу. Саміведаецехто заявіў, што ў Беларусі сітуацыя спакойная, а Расея палае ўся ад каронавірусу. У паведамленні прэс-службы ўраду РФ гаворыцца, што падобныя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці і што Беларусь была папярэджана загадзя пра закрыццё межаў. Акрамя таго, паводле прэс-службы ўраду РФ, афіцыйны Менск не выконвае патрабаванняў СААЗ аб перакрыцці межаў з мэтай недапушчэння распаўсюду каронавірусу. Карацей, як спяваў Ляпіс, «любові капец».

Беларускае Радыё РАЦЫЯ