Канец святла ў Слоніме



У 17 стагоддзі Уільям Гілберт упершыню ўвёў у зварот тэрмін “электрычнасць”. Праз два стагоддзі было вынайдзена першае ўладкаванне для атрымання электрычнасці – вольтаў слуп. А ў 1884 годзе Парсанс вынайшаў паравую турбіну, якая і цяпер генеруе 80% усёй электрычнасці ў свеце. З 19 стагоддзя электрычнасць трывала ўвайшла ў нашае жыццё. Мы карыстаемся лядоўнямі, электраплітамі, пральнымі машынамі, прасамі, інтэрнэтам і падзараднымі для тэлефонаў і камп’ютараў. Аднак паводле дадзеных Сусветнага банка, больш за мільярд чалавек у свеце жывуць без выкарыстання электрычнасці ў побыце. І вось ў гэтым месяцы да гэтага мільярда далучыліся жыхары слонімскіх вуліц Сінічкіна і Зялёная. Прынамсі на восем гадзін у дзень. Прыемна, канешне, адносіцца да якога-небудзь мільярда. Але лепей бы жыхары Слоніма адносіліся б да “залатога мільярда Зямлі”, прадстаўнікі якога маюць прыбытак на ўзроўні сярэдняга класу і вышэй. А не да тых, хто ў сілу не самых лепшых абставінаў жыве без электрычнасці.

Застаюцца жыхары Слоніма без электрычнасці не з-за таго, што яны далучыліся да эколагаў і вырашылі зменшыць колькасць электраспажывання, адмовіўшыся ад электрычнасці на восем гадзін у дзень. Жыхары слонімскіх вуліц Зялёная і Сінічкіна – людзі харошыя, але ўсё ж такі не гатовыя адмовіцца ад інтэрнэту, лядоўняў (а самае галоўнае, тэлевізараў) на цэлыя восем гадзін штодня цягам месяца. Уся прычына ў тым, што на іхніх вуліцах адбываецца капітальны рамонт электрасетак: старыя апоры змяняюцца на новыя. І вось праз гэты рамонт жыхары Слоніма і застаюцца ў 21 стагоддзі кожны дзень па восем гадзін без электрычнасці. У Слонімскім РЭСе праблемы ў гэтым не бачаць. Як сказаў там адзін са спецыялістаў, у нашае дзяцінства на два тыдні пакідалі без электрычнасці, калі мянялі апоры. Мог бы ўвогуле 18 стагоддзе ўзгадаць, калі электрычнасці нідзе не было. У любым выпадку, штосьці падказвае, што ў якіх-небудзь Драздах пры змене апораў электрычнасць бы на восем гадзін не адключалі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ