Хатнія роды
У Віцебску знаходзіцца пад вартай жанчына, якая нараджала дома. Знаходзіцца не за хатнія роды, а за тое, што ў выніку гэтага ў яе памерла дзіця. Жанчына, у якой маецца адно двухгадовае дзіця, знаходзіцца цяпер у СІЗА. У сувязі з гэтым прыгадваецца выпадак, які адбыўся некалькі гадоў таму на Гомельшчыне. Ён не звязаны з хатнімі родамі. Проста мужыкі ў Пухавіцкім раёне забілі свайго аднавяскоўца, якога падазравалі ў падпалах. Труп забітага спалілі. Забойцаў спачатку адпусцілі пад хатні арышт, а потым памілавалі і адпусцілі на волю. А цяпер параўнайце: групавое забойства, спальванне трупа – людзі на свабодзе. У маці – трагедыя, якая выйшла не па ейным жаданні, – і яна ў СІЗА.
Хтосьці накінуўся на жанчыну, што сама вінаватая. Сама яна, можа, і вінаватая. Але чаму дагэтуль у Беларусі акушэркам не дазволена прысутнічаць на хатніх родах. У суседняй Эстоніі, напрыклад, яшчэ тры гады таму легалізавалі хатнія роды. У нас жа лекары крычаць, як ашалелыя, што гэта парушэнне правоў дзяцей. То бок калі ў лякарнях да парадзіх ставяцца па-хамску, то гэта не парушэнне правоў жанчыны і дзіця. А калі робяць медычныя маніпуляцыі без згоды парадзіхі – гэта не парушэнне правоў? Да таго ж, смяротныя выпадкі ў радзільнях заключэннем пад варту для лекараў практычна не заканчваюцца.
Між іншым, у Галандыі больш за палову родаў адбываецца дома пад прыглядам хатніх акушэрак. І Галандыя з’яўляецца краінай, дзе самыя нізкая смяротнасць падчас родаў у свеце.