Клапатлівы Саўмін



І што б мы рабілі без нашых міністраў? Вымерлі б даўно, як тыя дыназаўры. Калі б не яны, мы б не ведалі, што ўзуваць і што апранаць. І вось цяпер, каб забяспечыць насельніцтва якаснымі таварамі легпрама, Саўмін падрыхтаваў праект пастановы, які забароніць second-hand анлайн. То бок былыя ў выкарыстанні рэчы праз інтэрнэт нельга будзе набыць. Гаворка ідзе пакуль што пра індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў. Фізічныя асобы змогуць і надалей прадаваць непатрэбныя сукенкі ды нагавіцы. Хаця наш народ не вельмі давярае беларускім уладам. Бо там, дзе сёння юрасобы і прадпрымальнікі, заўтра – звычайныя людзі.

Саўмін тлумачыць сваю прапанову тым, што ў пакупнікоў няма магчымасці па фатаграфіях у поўным аб’ёме атрымаць інфармацыю пра стан тавараў і іхнія недахопы. Вось дзякуй, калі б не Саўмін, то беларусы аніяк не маглі б вызначыць, добрыя нагавіцы ці не вельмі, ёсць там катышкі ці не. Мы ж, як дзеці малыя, нічога самі не можам выбраць: ні світар, ні сукенку. А Саўмін, як той бацька родны, можа накіраваць на правільны шлях.

Праект Саўміна з’явіўся з ініцыятывы Беллеграпрама, які і прапанаваў дадаць у спіс забароненых для продажу тавараў праз Інтэрнэт былыя ў выкарыстанні рэчы. А вось пасля гэтага пункту з’яўляюцца сумневы: а ці так непакояцца пра грамадзян у Саўміне. Ці аб’ект хваляванняў усё ж такі Беллегпрам, прадукцыю якога не так ужо і ахвотна набываюць нашыя грамадзяне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ