Кока-Кола для дарослых



Фармацэўт Джон Пембертон – той самы, што прыдумаў Кока-Колу ў далёкім 1886 годзе, – відаць, двойчы перавярнуўся ў труне, калі б даведаўся, якім палітычным стаў ягоны напой. Запатэнтаваны як лекавы сродак, які складаўся з лісцяў кокі і арэхаў трапічнага дрэва кола, напой першапачаткова прадаваўся ў аптэцы. Яго рэкамендавалі ад нервовых разладжанняў. Цяпер Кока-Кола – гэта як брэнд ЗША. У Вялікабрытаніі ёсць каралева, а ў ЗША – Кока-Кола. Не любіць якая краіна штаты – адразу напой абвяшчаецца небяспечным. Напрыклад, не атрымаліся стасункі паміж Фідэлем Кастра і штатамі – і ўсё: на Кубе Кока-Кола забароненая. Спыніліся ў Паўночнай Карэі гандлёвыя сувязі з ЗША ў далёкім 1950-ым годзе – таксама дасталося і Кока-Коле. Яе ў КНДР нельга ні купіць, ні прадаць. А, да прыкладу, як пачаліся наладжвацца стасункі паміж СССР і ЗША падчас перабудовы, так і пачалі заводы з’яўляцца ва Усходняй Еўропе.

Ну, калі з Кубай і Паўночнай Карэяй усё зразумела. Раўль і Фідэль Кастра – нявечныя, калі-небудзь на Кубе з’явіцца Кока-Кола. А нашчадкі Кім Ір Сэна жывуць і кіруюць дагэтуль. Таму там Кока-Колы ў бліжэйшы час не ўбачыць. Падавалася, няма ў свеце болей адыёзных краінаў, каб забараняць Кока-Колу. Нават у фанатычным Іране Кока-Кола маецца. Аднак з’явілася яшчэ адна краіна ў свеце, дзе маюцца праблемы з Кока-Калай. Не тое, што зусім забаранілі, але прадаваць яе дазволілі  толькі паўнагадовым. І краіна гэтая – Расея. Праўда, забаранілі прадаваць дзецям Кока-Колу пакуль што ў Валагодскай вобласці. Ну, а ўслед за Валагодскай вобласцю такую забарону ўвёў анексаваны Крым. Такім чынам, крымскія ўлады, відаць, падкрэслілі сваю адданасць расейскім уладам. Добра, што ў РФ купальнікі не забароненыя, а тое б у Крыме прымусілі ўсіх ў трыко загараць.

Цяпер, калі хочацца набыць Кока-Колу на ялцінскіх ці феадасійскіх пляжах, трэба паказаць пашпарт. Ну, добра што не забаранілі зусім. А тое неяк Паўночная Карэя і Куба – не самая лепшая кампанія.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ