Кракадзіл Гена



У савецкім дзяцінстве песню “Happy Birthday” на дзень народзінаў не спявалі. Дарослыя не спявалі ўвогуле, а дзецям выконвалі песню кракадзіла Гены. Асабіста мне яна не падабалася ні мелодыяй, ні тэкстам, у якім сцвярджалася, што раптам прыляціць чараўнік на верталёце, падорыць пяцьсот эскімо ды яшчэ бясплатна кіно пакажа. У сучасным свеце амаль забыліся на кракадзіла Гену, які ўсё перажываў, што дзень народзінаў усяго раз на год. Аднак, калі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала дзень прэзідэнцкіх выбараў прызначыць на дзень народзінаў дзейнага кіраўніка, то чамусьці ўзгадалася менавіта гэтая песня кракадзіла Гены. Відаць, таму што беларускія выбары з гэтымі школьнымі буфетамі і загадзя прадказальным вынікам у нас дагэтуль вельмі нагадваюць саўковыя. І ад гэтага, як і ад той песенькі кракадзіла Гены, становіцца неяк сумна.

Лідзія Ярмошына прапанавала правесці прэзідэнцкія выбары 30 жніўня 2020 года. Маўляў, 1 верасня пачынаецца навучальны год, а таму ў школах, дзе размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі, усё адрамантавана. Між іншым, менавіта 30 жніўня заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка. То бок пазней ужо проста нельга цягнуць нават у Беларусі. Ну, і акрамя таго 30 жніўня – дзень народзінаў дзейнага кіраўніка. Улічваючы, што Лідзія Ярмошына будзе рабіць усё, каб падарунак атрымаўся той, які патрэбны, то дзейнаму кіраўніку акурат можна заспяваць: “І неясно прохожим в этот день непогожий, почему я веселый такой?” Хаця, ведаючы, як працуюць выбарчыя камісіі ў Беларусі, большасці выбарцаў акурат усё будзе ясна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ