“Надзейны інтэрнэт”
Усё-такі Інтэрнэт – магутная з’ява. Пакуль мы разважаем, ці ўплывае глабальная сетка на нашае жыццё, сучасныя аўтакраты маюць на гэтае пытанне адказ: уплывае. Пакуль мы думаем пра магчымасці самавыяўлення і творчасці ў Інтэрнэце, сучасныя тыраны імкнуцца стварыць максімальныя колькасці перашкодаў на шляху беспраблемнай камунікацыі. Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ізаляцыі расейскага сегмента Інтэрнэта. Гэты закон уступіць у сілу ў лістападзе 2019 года. Забаўна, гэтую навіну асвятляюць расейскія сервільныя СМІ, якія распавялі сваім чытачам не пра магчымую цэнзуру і абмежаванні, а пра тое, што “быў падпісаны закон пра надзейны інтэрнэт”. Некаторыя прапагандысцкія СМІ выкарысталі іншы эўфемізм: “закон пра ўстойлівы інтэрнэт”. Такая падача інфармацыі паказвае, што ў ХХІ стагоддзі лічбавым апрычнікам усё-такі быць сорамна. Таму і спрабуюць замаскіраваць свае сапраўдныя намеры прыгожымі фармулёўкамі.
Сутнасць новага расейскага закону ў тым, што доступ да забароненых у Расеі рэсурсаў будзе абмяжоўвацца адмысловымі тэхналогіямі. То бок, нічога новага: банальная саўковая цэнзура. Расейская дзяржава наступае на тыя ж самыя граблі, як і яе папярэднік – СССР. І ў гэтым нічога дзіўнага няма, калі ўлічыць, што Расеяй кіруе выхадзец з савецкага КДБ, для якога любая крытыка – гэта па факце дыверсія і спецаперацыя замежных спецслужбаў. І падыход да барацьбы з дэструктыўнай прапагандай чыста савецкі. З адным нюансам. На змаганне са свабодным Інтэрнэтам у Расеі выдзяляецца круглая сума ў 500 мільёнаў долараў. Нешта падказвае, што пасля зачысткі Інтэрнэта ў кагосьці на пару элітных яхт стане больш. Вось толькі грамадзяне РФ пра гэта наўрад ці будуць ведаць па прычыне таго, што іх будуць карміць гігабайтамі патрыятычных навін айчыннага вырабу.