Не пра вайну і не пра Расею



Доўга шукала тэму, каб не пра вайну, не пра інаўгурацыю, не пра мары некаторых дзяржаў забраць сабе Беларусь, не пра беспакараныя разгоны моладзі ў суседняй дзяржаве нейкімі казакамі, якія зусім не маюць ніякага дачынення да праваахоўных органаў. І гэта скажу вельмі цяжка, калі акурат Уладзімір Пуцін чацвёрты раз стаў прэзідэнтам суседняй краіны. І многія СМІ пачалі назваць гэта мірапамазаннем. Ды і 9 траўня даўно перастала быць днём смутку, а пад уплывам расейскіх мас-медыя пераўтварылася ў акцыю, хто начэпіць большую георгіеўскую стужку і прынясе больш партрэтаў для ўдзелу ў шэсці “Несмяротны полк”.

Ужо думала распавесці пра празрыстыя джынсы. Тыя, дзе адсутнічаюць пярэдняя і задняя паверхні штаноў. З тканіны там маюцца толькі пояс, кішэні, гузік, маланка, тонкія палоскі па баках і на каленях. А што! Каму нецікавыя прыгожыя жаночыя ногі. А калі яшчэ ў такіх джынсах, дык можна і георгіеўскую стужку забыцца начапіць на сябе.

Але тут я натыкнулася на экспертнае меркаванне старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шэрстнева пра аб’ектыўнасць журналіста. Дык вось чыноўнік на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню друку, Дню работнікаў радыё і тэлебачання разважаў пра важнасць дыялогу паміж СМІ і ўладамі. Вось правільна сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама. Што праўда, дыялогу паміж незалежнымі СМІ і ўладамі даўно няма. Незалежны журналіст для чыноўніка – як чума для сярэднявечнага горада: ад іх бягуць, бо можна і нязручныя пытанні пачуць і потым яшчэ атрымаць вымову ад начальства за тое, што каментары няправільным журналістам даў. Так што, спадар Шэрстнеў не пра дыялог гаварыў, а пра маналог улады з рознымі праверанымі журналістамі з падкантрольных дзяржаўных СМІ. Ну, добра, што пра георгіеўскія стужкі не разважаў. І на тым, як гавораць, дзякуй.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ