Небанальнае разуменне міру



Дзіўным чынам Крэмль вырашыў адзначыць 45-годдзе ўдзелу Расеі ў аперацыях ААН па падтрыманні міру. Узялі ды і захапілі ўкраінскія караблі. У выніку, Вярхоўная Рада Украіны абвясціла 30-дзённае ваеннае становішча. Небанальнае ўсё-такі ў афіцыйнай Масквы разуменне міру.

На сайце Міністэрства замежных справаў Расейскай Федэрацыі з нагоды 45-годдзя ўдзелу ў аперцыях ААН па падтрыманні міру пазначана, што “багаты досвед нашых спецыялістаў у падтрыманні міру і правапарадку запатрабаваны”. У свеце апошніх падзеяў такі досвед для сусветнай супольнасці – як сабаку пятая лапа. Катары памежнай службы ФСБ адкрылі агонь па ўкраінскіх ваенных караблях у раёне Керчанскага праліва. Украінскі бок сцвярджае, што караблі ажыццяўлялі планавы пераход з порта Адэса ў порт Марыупаля. Расейскі бок у адказ абвінаваціў Украіну ў парушэнні дзяржаўнай мяжы. Хаця, паводле двухбаковай дамовы паміж Расейскай Федэрацыяй і Украінай, якая дзейнічае і дагэтуль, Азоўскае мора і Керчанскі праліў лічацца ўнутранымі водамі Расейскай Федэрацыі і Украіны. Таму пра якое парушэнне дзяржаўнай мяжы можа весціся гаворка? Аднак калі Крэмль глядзеў на міжнародныя дамовы? Узгадваючы падзеі ў Крыме, расейскі бок скажа, што рыбкі, якія жывуць у Керчанскім праліве, вельмі хочуць уступіць у Расейскую Федэрацыю. Глядзіш, яшчэ і рэферэндум правядуць сярод марскіх насельнікаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ