Незайздросны лёс фунцікаў і іх гаспадароў



У савецкім мультфільме пра прыгоды парсючка Фунціка гэты самы парсючок Фунцік збягае ад гаспажы Беладонны, бо тая прымушала яго падманваць дзяцей. Пабег Фунціка быў удалым. Па дарозе ён сустракае дзядзьку Мокуса і Бамбіна. І яны пачынаюць вандраваць разам. Лёс беларускіх фунцікаў быў не такі шчаслівы. Ды і збягаць бы ім давялося не ад гаспажы Беладонны, а ад афрыканскай чумы ды беларускіх ветэрынараў. І на шляху іх чакалі зусім не дзядзька Мокус і малпа Бамбіна, а толькі  вялікія дзяржаўныя свінакомплексы.

Карацей, хэпі энда для беларускіх парсючкоў не здарылася. У мінулым годзе, падчас разгару афрыканскай чумы, фермераў прымусілі вынішчыць сваіх гадаванцаў. Праверкай прыватных падворкаў займаліся міліцыянты разам з ветэрынарамі. І не дай бог было якой свінні схавацца – парсюкоў шукалі лепей, чым банду Марозава. Прынамсі, апошняя існавала і чыніла злачынствы цягам дзесяці год. Парсюкоў вынішчылі за некалькі месяцаў. Яно і зразумела. Вынішчылі прыватных – болей сталі зарабляць дзяржаўныя вялікія свінакомпексы.

Падавалася, канкурэнты з прыватных падворкаў прыбраныя. Працуй не хачу. Аднак, як аказалася, у беларускім урадзе не задаволеныя працай шэрагу рэгіёнаў па ўзнаўленні вытворчасці свініны. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні Прэзідыуму Савета Міністраў. І якія ж рашэнні ўбачыў урад, каб узнавіць пагалоўе фунцікаў? Прапанаваў стварыць нейкія фонды для фермераў, каб выплочваць нейкую дапамогу на першы час? Кампенсаваць страты фермерам за забітых з-за чумы свінняў? Не. Узнаўляць свінняў у Сінявокай будуць буйныя свінакомплексы. У наступным годзе будзе завершанае будаўніцтва пяці свінакомплексаў. Відаць, для беларускага ўраду фермер, як для Уладзіміра Леніна кулак: шалёны вораг, якога трэба раздавіць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ