Новае амплуа настаўнікаў



Нялёгкая доля быць педагогам у сучаснай Беларусі. Цяперашніх настаўнікаў пра што толькі не прымушалі збіраць інфармацыю: ці ёсць пажарныя апавяшчальнікі ў кватэрах, ці ёсць няпоўнагадовыя дзеці ў сем’ях. І нават хацелі абавязаць настаўнікаў даведвацца, ці аднеслі дзеці ў паліклінікі аналіз калу. І вось цяпер, хто б сумняваўся, настаўнікі збіраюць дадзеныя пра прыбыткі бацькоў.

“Учат в школе, учат в школе, учат в школе”, – спявалася ў адной песні. Калі паглядзець на цяперашнюю школу, то, за некаторым выключэннем, там даўно ўжо не вучаць. У большасці выпадкаў веды дзеці бяруць ад рэпетытараў. А вось школа пераўтвараецца ў зборнік інфармацыі пра бацькоў. Напрыклад, школьныя настаўнікі просяць бацькоў запоўніць анкету, дзе трэба пазначыць адукацыю, стаж, месца працы, пасады, тэрмін працы на пасадзе і заробак. Вось заробкі – гэта акурат тая інфарацыя, якую трэба запытваць. Не школа, а нейкая падатковая. Аль Капонэ на іх няма. Як гэта школа яшчэ не запыталася, дзе грошы дома ляжаць. Хаця, чаго спыняцца на дасягнутым, можна яшчэ спытаць пінкод ад картачкі і паролі ад электроннай пошты. Ну, а што! Ад роднай дзяржавы мы ніякай інфармацыі не хаваем.

А ўвогуле ў ХХІ стагоддзі – у стагоддзе фрылансераў, блогераў, фатографаў, праграмістаў ды вандроўнікаў – інфармацыя пра пасаду і працу – вельмі сучаснае пытанне. І ўвогуле, што мяняе інфармацыя пра тое, дзе і кім працуюць бацькі: ці стаўленне да дзяцей дворнікаў будзе іншым, чым да дзяцей дэпутатаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ