Новыя крыніцы папаўнення бюджэту



У нашай краіне самыя безабаронныя людзі – гэта пенсіянеры, інваліды, маці, дармаеды ды дробныя прадпрымальнікі. Калі трэба папоўніць бюджэт, то можна ўзяць ад любой з гэтых катэгорыяў. І нічога за гэта не будзе. Ну, што могуць зрабіць у адказ пенсіянеры ці інваліды? Раней падавалася, што з мам возьмеш, акрамя аналізаў. І тое, не іхніх, а дзіцячых. Аказалася, што можна. Беларускіх мам цяпер пачалі налева і направа штрафаваць. Не, гэта цалкам сабе прыстойныя жанчыны, сем’і якіх не знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А штрафуюць іх за тое, што яны пакідаюць санкі, дзіцячыя вазкі ці ровары на лесвічнай пляцоўцы ці ў тамбуры. І за гэтае вялікае злачынства прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў. Ды за тое, што дарогу перайшоў не ў тым месцы ці на чырвоны колер, і тое меней заплаціш. У Беларусі танней аплаціць штраф за тое, што ездзіш па горадзе 80 км у гадзіну, чым за размяшчэнне дзіцячай калыскі ў пад’ездзе.

Дзеці – кветкі жыцця. Аднак у нашай краіне чамусьці гэтыя кветкі жыцця не мусяць катацца на роварах, санках ці ездзіць у дзіцячых вазках. Калі мы ўявім сярэднестатыстычую кватэру ў сярэднестатыстычным шматпавярховіку, то месцаў у кватэрах там для санак, вазкоў і ровараў будзе малавата. І справа не толькі ў месцы, а ў тым, што  кожны дзень цягаць калыску па лесвіцах туды-сюды цяжкавата. А калі ўявіць, што ў жанчыны двое дзяцей. То ёй, як таму ішаку, даводзіцца цягнуць у адной руцэ калыску з дзіцём, у другой – ровар, а на шыі яшчэ торбу з прадуктамі.

Зразумела, чаму многія пакідаюць вазкі на лесвічнай пляцоўцы. Аднак, паводле беларускага заканадаўства, гэта парушэнне правіл карыстання жылымі і дапаможнымі памяшканнямі дома. Маўляў, гэтыя дзіцячыя вазкі загрувашчваюць праходы. А гэта можа прывесці да пажару. Вось і пачалі міліцыянты ладзіць рэйды і складаць пратаколы на тых, хто пакідае вазкі на ці пад лесвіцамі. Самае цікавае, што ў некторых шматпавярховіках ёсць адмысловыя калясачныя. Толькі іх чамусьці паўсюль аддалі альбо пад цырульні, альбо пад пакоі для адпачынку супрацоўнікаў ЖЭСу. Вось і даводзіцца мамам штодзень цягаць па 20-30 кг на сабе ў кватэру, каб закон не парушаць. Вось толькі дзіўна, аўтамабілі, якія ў тым жа Мінску пазаймалі і зялёныя зоны, і ходнікі, чамусьці ніхто не чапае. Яны, відаць, двары не загрувашчваюць і праезды для хуткіх і пажарных не займаюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ