Новыя паборы беларускіх уладаў



Калі ў беларускіх уладаў на нешта не хапае грошай, то яны звяртаюцца да сваіх грамадзянаў. Але не так, каб: „Грамадзяне, беларусы, дапамажыце!”. Не, яна ім у стылі мафіёзі Аль Капоне робіць прапановы, ад якіх немагчыма адмовіцца. То бок, ставіць проста перад фактам: „Заплаціце!”. І кропка. Нікуды ад гэтага факта не падзецца. Апошнім часам дойнымі каровамі зрабілі кіроўцаў. Спачатку ім падвысілі цэны на паліва. Потым увялі падатак на допуск да руху. А цяпер вось вырашылі гэты падатак на аўто падвысіць яшчэ раз. Ну, а што! Калі з беспрацоўных збіраюцца падаткі здзіраць. То што ўжо казаць пра кіроўцаў. Нашыя ўлады, відаць, разважаюць так: раз ёсць грошы на аўто, значыцца, будуць грошы і на падатак.

Кіроўцам давядзецца плаціць на адну-дзве базавыя велічыні болей, чым цяпер. Пра гэта заявіў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко ў парламенце. Як вы здагадаліся, прапанову намесніка міністра ў парламенце ніхто не аспрэчыў. А дзеля чаго? Парламент у нашай краіне існуе не для таго, каб інтарэсы народа абараняць. Калі апусіць розныя маральныя прынцыпы, то быць парламентаром у Беларусі — добра. Праца — не бі ляжачага. Законы, якія прымаюцца, можна не чытаць. За які закон прагаласаваць „за”, а за які „супраць” скажуць зверху. Толькі ведай сабе: прыходзь на пасяджэнні ды ўздымай руку так, як твой сусед. Бойкаў у беларускім парламенце, як ва ўкраінскай Радзе няма. Усё спакойненька і ціхенька: калі падалей сесці, то нават паспаць можна. Затое заробкі — не заробкі, а казкі. Ну, а калі сумы на штосьці не стае — то можна ж і ў народа іх узяць. Увёў дадатковы падатак — грошай у бюджэце стала болей. А адтуль можна і сабе на падвышэнне заробкаў узяць. Які ж просты смяротны ў нашай краіне праверыць, куды грошы з бюджэту сплываюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ